Суд вырашае, ці можна Трампу ісці на выбары. Што трэба пра гэта ведаць
Ці дапусцяць Трампа на выбары? Вырашаць суддзі
Ці можа Дональд Трамп удзельнічаць у выбарах прэзідэнта ЗША? Пытанне настолькі складанае, што адказваць на яго будзе Вярхоўны суд. Разгляд пачнецца 8 лютага — і ад яго можа залежаць, як далей будзе развівацца амерыканская выбарчая кампанія.
Чаму гэтае пытанне вырашаецца на ўзроўні Вярхоўнага суда, якія прагнозы ёсць наконт разгляду і што можа адбыцца? Еўрарадыё адказвае на гэтыя пытанні.
Чаму суд вырашае, ці пускаць Трампа на выбары?
Уся справа ў спрэчках аб прававых трактоўках удзелу Трампа ў падзеях штурму Капітолія 6 студзеня 2021 года. Трэці раздзел 14-й папраўкі ў Канстытуцыі ЗША забараняе займаць дзяржаўныя пасады тым, хто ўдзельнічаў у паўстаннях.
Вярхоўны суд штата Каларада пастанавіў, што Трамп удзельнічаў у падзеях 6 студзеня 2021-га, што гэта было паўстаннем, і трактаваў папраўку так, што яна распаўсюджваецца ў тым ліку на пасаду прэзідэнта (наўпрост у ёй так не напісана). Пасля гэтага рашэння экс-прэзідэнт пазбавіўся магчымасці трапіць у бюлетэні на тэрыторыі штата.
Аспрэчыць пастанову суда штата можна толькі ў Вярхоўным судзе ЗША, што і зрабілі юрысты Трампа. Цяпер федэральныя суддзі павінны будуць самі адказаць на пытанні аб тым, ці быў штурм Капітолія паўстаннем, ці ўдзельнічаў у ім Трамп і ці распаўсюджваецца дзеянне папраўкі на пасаду прэзідэнта.
Што можа вырашыць Вярхоўны суд ЗША?
Вярхоўны суд можа адхіліць трактоўку суда штата Каларада па любым з пунктаў, у тым ліку па тым, ці распаўсюджваецца дзеянне папраўкі на пасаду прэзідэнта. У залежнасці ад таго, што менавіта будзе рабіць ВС і якое рашэнне прыме, можа ажыццявіцца сцэнар, па якім Трампа больш нельга будзе зняць з выбараў за падзеі 6 студзеня.
Альбо наадварот: усё аддадуць на водкуп судам Штатаў на падставе адмены пастановы ў Каларада з-за неадпаведнай працэдуры, а не трактоўкі заканадаўства (гэта значыць Вярхоўны суд "умые рукі").
Таксама федэральныя суддзі могуць пагадзіцца з рашэннем штата. Тады Трамп не зможа балатавацца на тэрыторыі ўсіх ЗША.
Якое рашэнне прымуць хутчэй за ўсё?
Прагноз аб пастанове Вярхоўнага суда ў гэтай справе даваць не бярэцца амаль ніхто. З аднаго боку, большасць з дзейных суддзяў — кансерватары, прызначаныя рэспубліканцамі, гэта значыць павінны былі б быць за Трампа...
Але з іншага боку, менавіта кансерватыўныя юрысты часцей схіляюцца да трактоўкі папраўкі ў бок таго, што яе дзеянне распаўсюджваецца і на прэзідэнта, бо ён таксама даваў прысягу абараняць краіну і Канстытуцыю.
Як адзначае Washington Post, дзейны старшыня Вярхоўнага суда ЗША Джон Дж. Робертс-малодшы — чалавек асцярожны і імкнецца да кансенсусу. Аднак рашэнне прымае не ён адзін, і сцэнары магуць быць любыя.
Стаўкі на рашэнне ўжо прымаюць букмекеры. Найбольш верагодным сцэнаром лічыцца той, дзе рашэнне штата Каларада будзе скасаванае на падставе недакладнасці працэдуры, тут шанцы адзін супраць трох. Шанцы на тое, што ВС пацвердзіць рашэнне суда штата, — адзін да пяці.
Калі чакаць рашэння?
Амерыканскія медыя не бяруцца прагназаваць. Той жа WP нагадвае, што ў 2000-м, калі вынік прэзідэнцкіх выбараў вырашаў Вярхоўны суд разглядам справы "Буш супраць Гора", суддзі вынеслі вердыкт на наступны дзень.
Аднак бываюць і выпадкі, калі на вывучэнне сітуацыі, пошукі агульнай пазіцыі, напісанне пастановы і асобных "асаблівых меркаванняў" суддзяў сыходзілі месяцы. Магчыма такое, што з рэспубліканскіх праймерыз ужо сыйдуць усе супернікі Трампа, і тут яму неспадзявана забароняць удзельнічаць у выбарах. Альбо не.
Калі Трампа не дапусцяць на выбары — рэспубліканцаў не будзе?
Не, Рэспубліканская партыя вызначае кандыдата па выніках праймерыз на з'ездзе. Калі паводле пастановы Вярхоўнага суда (або паводле судовай пастановы ў іншай справе супраць Трампа, якіх ужо вялікае мноства) Трамп не зможа балатавацца, партыя можа выбраць яму замену.
Байдэн спрабуе прыбраць канкурэнта?
Пазовы супраць Трампа за падзеі 6 студзеня 2021-га і не толькі падаваліся ў многіх штатах, і далёка не ўсе — дэмакратамі. Што тычыцца гэтай справы ў дачыненні да экс-прэзідэнта, то, як піша Politico, дзейная адміністрацыя Джо Байдэна не агучвала сваёй пазіцыі.
Рэч у тым, што ў гучных справах пазіцыю ўрада выказвае Міністэрства юстыцыі. Пакуль што гэтага не адбылося: фармальна ў дэмакратычнага кіраўніцтва краіны няма меркавання па самай гучнай судовай справе аб выбарах у гісторыі ЗША.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.