Шамана з рагамі, які штурмаваў Капітолій, будуць судзіць
Шаман QAnon у будынку Кангрэса 6 студзеня 2020 года / Reuters
Шаман QAnon, які штурмаваў будынак Кангрэсу 6 студзеня, арыштаваны, паведамляе сайт Міністэрства юстыцыі. Яму і яшчэ двум мужчынам прад'яўленыя абвінавачванні ў хуліганстве і парушэнні грамадскага парадку на тэрыторыі Капітолія.
Сапраўднае імя шамана QAnon — Джэйкаб Энтані Чанслі, таксама ён прадстаўляецца як Джэйк Анджэлі. Ён увайшоў у будынак Капітолія ў футравай шапцы з рагамі. Яго твар быў размаляваны чырвонай, белай і сіняй фарбамі, у руках ён нёс двухметровую дзіду з амерыканскім сцягам.
Чансли, піша BBC, верыць у тэорыю змовы, згодна з якой у свеце існуе шырокая сетка сэксуальнай эксплуатацыі дзяцей, і ў яе нібыта ўцягнутыя лідары Дэмакратычнай партыі і многія амерыканскія знакамітасці, а Дональд Трамп імкнецца гэтую сетку выкрыць. З-за вонкавага падабенства Чанслі з Джэй Кеем з гурта Jamiroquai, Кею давялося рабіць адмысловую заяву, што ён не захопліваў будынак Кангрэсу.
Акрамя Чанслі арыштаваны таксама Адам Крысціян Джонсан, які сфатаграфаваўся на кафедры дэмакрата і спікера Палаты прадстаўнікоў Нэнсі Пэласі, а таксама заканадавец Дэрык Эванс — ён выклаў відэа, на якім стаіць ля Капітолія а затым разам з іншымі заходзіць у будынак.
Сутыкненні адбыліся пасля прамовы Дональда Трампа на мітынгу ў Вашынгтоне, які чарговы раз не прызнаў паразы на выбарах і заклікаў прыхільнікаў адправіцца да будынка Капітолія. Там акурат у гэты час на сумесным пасяджэнні Сената і Палаты прадстаўнікоў зацвярджаліся вынікі выбараў. Пасяджэнне было перапынена, а яго ўдзельнікі эвакуяваныя.
У выніку сутыкненняў загінула 5 чалавек, у тым ліку адзін паліцэйскі. У дачыненні да прыхільнікаў Трампа быў ужыты слезацечны газ. У Вашынгтон прыбыла Нацгвардыя. Улады ўзялі пад кантроль будынак Кангрэса праз пяць гадзін. А ў Палаце прадстаўнікоў пачалі рыхтаваць імпічмент Трампу — не чакаючы інаўгурацыі Джо Байдана.
"Нам нельга дазволіць яму застацца на пасадзе. Гаворка ідзе аб захаванні нашай краіны, і мы павінны заставацца вернымі сваёй прысязе", — заявіла сябра Дэмакратычнай партыі ў Палаце прадстаўнікоў Ільхана Амар.
Інаўгурацыя Джо Байдана пройдзе 20 студзеня.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.