“Пояс вернасці” за 20 тысяч беларускіх рублёў — #ІхНоравы
Кароткі агляд міжнародных навін
Акуляры дапоўненай рэальнасці Apple Vision Pro нарэшце з’явіліся ў продажы, але дэвайс падыдзе не ўсім. І рэч не толькі ў цане. Пра гэта і не толькі — у нашым аглядзе міжнародных навін.
VR-акуляры без VR-порна
2 лютага ў ЗША пачаліся продажы Apple Vision Pro. Але некаторых уласнікаў акуляраў дапоўненай рэальнасці чакала расчараванне: на іх нельга глядзець VR-порна. Гарнітура дазваляе глядзець звычайныя парнаролікі — яны прайграюцца гэтак жа, як і любыя іншыя відэа.
Мяркуючы з трэдаў на Reddit, уладальнікі Vision Pro так і не знайшлі спосабу, які дазваляе глядзець на гарнітуры парнаграфічныя VR-ролікі. У выніку гаджэт называюць "поясам вернасці за $3500".
Дарэчы, у Беларусі яго прадаюць амаль у два разы даражэй: за навамодны гаджэт давядзецца аддаць ад 20 000 рублёў. Як заўважыў “Анлайлер”, дастаўкі трэба будзе чакаць каля двух тыдняў.
Былая акторка “Мандалорца” судзіцца з Disney і Lucasfilm
Актрыса і баец ММА Джына Карана падала ў суд на кампаніі Disney і Lucasfilm за незаконнае скарачэнне і дыскрымінацыю па полавай прыкмеце. Яна сцвярджае, што яе звольнілі з “Мандалорца” за выказванне правых поглядаў у сацсетках. У прыватнасці, кіраўніцтву кампаній нібыта не спадабаўся пункт гледжання Карана пра рух Black Lives Matter і яе заявы пра ўмяшанне ў выбары ў ЗША.
Карана заявіла, што яе калегі-мужчыны свабодна выказвалі ў сацсетках сваё меркаванне наконт палітычных пытанняў і адкрыта крытыкавалі рэспубліканцаў. Кіраўніцтва Disney і Lucasfilm не ўводзіла супраць іх ніякіх санкцыяў. Пры гэтым каментарыі самой Карана расцанілі як спробу распаліць нянавісць, у выніку чаго яе і звольнілі.
Актрыса патрабуе ад Lucasfilm вярнуць яе ў серыял “Мандалорац” і выплаціць ёй не менш за 75 тысяч долараў, а таксама штрафныя страты.
Выдаткі на пазоў кампенсуе кампанія X. У 2023 годзе Ілан Маск паабяцаў фінансаваць усе судовыя пазовы карыстальнікаў сацсеткі, якія сутыкнуліся з дыскрымінацыяй з боку працадаўцаў праз сваю дзейнасць на платформе. У X заявілі, што няўхільна прытрымліваюцца гэтай пазіцыі, таму "з гонарам падтрымаюць" пазоў Карана.
Яе звольнілі з Disney у 2021 годзе. Гэта адбылося пасля таго, як акторка апублікавала ў сацсетках некалькі неадназначных пастоў. У адным з іх яна параўнала сучасную палітычную сітуацыю ў ЗША з нацысцкай Германіяй.
Стала вядома, чаму ў Boeing у палёце адваліліся дзверы
Нацыянальная рада па бяспецы на транспарце ЗША (NTSB) назвала прычыну надзвычайнага здарэння з дзвярыма ў самалёце Boeing 737 Max 9 авіякампаніі Alaska Airlines.
Паводле папярэдняга расследавання NTSB, секцыя фюзеляжа Boeing не была замацаваная нітамі. На гэта паказвае характар пашкоджанняў і адсутнасць дэфармацый вакол адтулін для чатырох неабходных нітаў.
У ведамстве таксама адзначылі, што падчас дэкампрэсіі салона сістэмы самалёта спрацавалі ў штатным рэжыме. Пры гэтым спецыялісты NTSB прадоўжаць расследаванне інцыдэнту.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.