Не ўзляціць? На што можа перасесці "Белавія", калі Еўропа забярэ самалёты
На чём будет летать белорусский перевозчик, если европейские партнёры заберут самолёты? / canva
Еўракамісар Олівер Вархелі пакуль не можа сказаць напэўна, ці патрапіць "Белавія" ў новы пакет еўрапейскіх санкцый.
Але калі еўрапейскія лізінгавыя кампаніі скасуюць кантракты з "Белавія", у беларускага перавозчыка застанецца яшчэ 12 самалётаў. Мінімум 8 з іх — ва ўласнасці.
Мы спыталі ў экспертаў авіяцыйнай сферы, на што можна замяніць "Эмбраеры" і "Боінгі", якіх можа пазбавіцца "Белавія". Расказваем, якія самалёты можам убачыць у флоце кампаніі, калі запрацуюць санкцыі.
1. Sukhoi Superjet 100
Чаму. Выгодна. А ў пандэмію — двойчы выгадна.
Нюанс. "Суперджэтаў" пабойваюцца пасля катастрофы ў аэрапорце "Шарамецьева".
Калі заходнія кампаніі адмовяцца даць самалёт у арэнду праз санкцыі, то "Белавія" зможа звярнуцца па "Суперджэты" ў Расію.
Гэта блізкія- і сярэднемагістральныя самалёты. То-бок імі можна замяніць і бразільскія "Эмбраеры", і невялікія амерыканскія "Боінгі".
Праўда, узяць у арэнду "Суперджэт" цяпер не так і проста — за ім ужо выстраілася чарга, кажа кіраўнік інтэрнэт-партала Avia.ru Раман Гусараў. Па-першае, таму што вытворца прапануе выгадныя ўмовы і льготныя крэдыты. Па-другое, таму што Covid-крызіс паказаў: лётаць на запоўненым маленькім самалёце больш выгадна, чым на паўпустым вялікім.
— На днях я вярнуўся з камандзіроўкі. Лётаў вялікім самалётам — каля 180 крэслаў. На борце было 50 чалавек. Такі рэйс для авіякампаніі стратны, таму што даход будзе меншы за выдаткі. А калі б замест гэтага самалёта ляцеў "Суперджэт" [87-108 пасажыраў . — Еўрарадыё], рэйс быў бы рэнтабельным.
Таму можа аказацца, што ва ўмовах зніжэння пасажырапатоку "Суперджэт" стане папулярным самалётам, хай і не на ўсіх напрамках.
— Па ўсіх параметрах гэта сучасны магістральны самалёт. Хоць у нас, у Расіі, яго называюць рэгіянальным. Але самалёт, які з пасажырамі можа праляцець 4,5 тысячы кіламетраў — уся Еўропа папярок, усё ж складана назваць рэгіянальным. Гэта звычайны магістральны самалёт.
2. МС-21, ён жа — Магістральны самалёт ХХІ стагоддзя
Чаму. Расійскі аналаг Airbus A320neo і Boeing 737 8.
Нюанс. Прыйдзецца пачакаць гадоў 10.
Гэты самалёт праходзіць завяршальную стадыю сертыфікацыі.
— Я нядаўна вярнуўся з авіясалона ў Дубаі, дзе прэзентавалі гэты самалёт з расійскімі рухавікамі. Атрымаць яго ў "Белавія" шанц ёсць — але няхутка. Пачатак серыйных паставак намечана толькі на наступны год. І першыя самалёты, хутчэй за ўсё, атрымае група кампаній "Аэрафлот", — кажа Раман Гусараў.
Да таго ж у першы год вырабіць шмат самалётаў не атрымаецца. Серыйная вытворчасць лайнераў — гэта махавік, які раскручваецца паступова, тлумачыць нам эксперт. У лепшым выпадку ў наступным годзе зробяць 5 самалётаў, яшчэ праз год — 10. Чакаць доўга.
— Баюся, што ў бліжэйшыя гады "Белавіі" не перападзе. Заказы прыкладна на 200 самалётаў ужо размешчаныя — а гэта да канца дзесяцігоддзя.
3. Турбавінтавы самалёт L-410
Чаму. Вырабляецца ў Расіі ў немалых колькасцях, можна замовіць хоць сёння.
Нюанс. Лётае недалёка.
Купіць такі самалёт даволі лёгка — недахопу няма.
Вось толькі "Белавія" ў асноўным арыентуецца на сярэднемагістральныя палёты, так што і самалёты патрэбныя не турбавінтавыя, а рэактыўныя. З добрай хуткасцю і вялікай далёкасцю палёту. Каб не да Масквы давезлі, а да курорта, так што наўрад ці гэта будзе добрым варыянтам папаўнення парку.
4. Расійскія турбавінтавыя самалёты рэгіянальнага класа
Чаму. Лётаюць далёка, да курорта давязуць.
Нюанс. Пастаўкі могуць пачацца толькі ў 2024 годзе.
Авіякампаніі маглі б падысці турбавінтавыя самалёты рэгіянальнага класа, кажа Гусараў. Напрыклад, Іл 114-300, які ў Расіі вырабляюць для ўнутраных пералётаў.
— Але іх пастаўка знаходзіцца яшчэ ў больш далёкай перспектыве, чым МС-21.
5. Узяць у субарэнду усё, што захочаш
Чаму. У многіх авіякампаній з-за пандэміі парк прастойвае.
Нюанс. Было б куды ляцець.
"Цяпер рынак у такім стане, што ў любой авіякампаніі можна ўзяць самалёт у субарэнду. Ва ўсіх авіякампаній немалы працэнт парку стаіць — можна ўзяць і паляцець", — кажа Гусараў.
А можна ўзяць тэхніку ў арэнду праз кітайскія лізінгавыя кампаніі. Галоўныя праблемы ў "Белавія" звязаны зусім не з тэхнікай.
"Немалую частку бізнесу "Белавія" складала абслугоўванне транзітнага пасажырапатоку. Гэта і палёты з Украіны ў Расію — пасля таго, як прамых рэйсаў не стала, многія карысталіся мінскім аэрапортам як перасадачным пунктам. Гэта і транзітныя пасажырапатокі расійскіх турыстаў, якія накіроўваюцца ў Еўропу. Цяпер усё гэта ў асноўным закрыта, пераважная частка бізнесу блакаваная санкцыямі".
І гэта — праблема. А тэхніка — не праблема, упэўнены Гусараў.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.