Месі пакрыўдзіў заўзятараў, Японія засталася без каралевы прыгажосці — #ІхНоравы

Пра Месі, каралеву прыгажосці і караля Карла.

Пра Месі, каралеву прыгажосці і караля Карла. / @rubanau_collage

Такія навіны нагадваюць, што ўсе селебрыці — проста людзі. Яны хварэюць, хлусяць і ўдзельнічаюць у любоўных трохкутніках і мараць адпачыць ад працы, каб проста пабыць дома з роднымі. Пра гэта — у нашым аглядзе міжнародных навін.

“Міс Японія” адмовілася ад кароны

Украінка Караліна Сііна, якая перамагла на конкурсе прыгажосці ў Японіі, пасля скандалаў выраклася тытулу. Гэта адбылося ўпершыню ў гісторыі.

Спачатку на дзяўчыну наваліўся хейт наконт яе этнічнага паходжання. Караліне 26 гадоў, і калі ёй было 5, яе маці выйшла замуж за японца і пераехала з Тэрнопальскай вобласці Украіны ў Японію. Яна стала грамадзянкай у 2022 годзе і першай натуралізаванай Міс Японія.

Але крытыкі конкурсу сказалі, што яна не ўвасабляе японскіх традыцыйных ідэалаў прыгажосці. Сама Караліна казала, што адчувае сябе японкай. Яна разумее культуру, прыгожа і правільна піша і размаўляе на японскай мове.

Месі пакрыўдзіў заўзятараў, Японія засталася без каралевы прыгажосці — #ІхНоравы
Караліна Сііна адмовілася ад тытулу "Міс Японія" / Miss Japan Association

Цяпер у Японіі няма каралевы прыгажосці да наступнага конкурсу.

На Месі пакрыўдзіліся заўзятары з Ганконга

Футбольная зорка, форвард футбольнага клуба “Інтэр Маямі” Ліянель Месі не выйшаў на поле ў таварыскім матчы з зоркамі Ганконга. І заўзятары, што хацелі жыўцом пабачыць найлепшага футбаліста свету, вельмі моцна абурыліся! І нават запатрабавалі вярнуць грошы. Пакрыўдзіліся нават мясцовыя ўлады — і папрасілі ў кіраўніцтва клуба тлумачэнняў, чаму Месі правёў гульню на лаўцы запасных.

Трэнер Херард Марцін сказаў, што Месі не выпусцілі на поле медыкі, бо ў яго запаленне сцегнавых цягліц, і, калі б ён уключыўся ў гульню, гэта магло б яму нашкодзіць.

Спадкаемца брытанскага трона ўжо прымае частку абавязкаў

У 75-гадовага караля Карла III знайшлі рак. Такую заяву распаўсюдзіў Букінгемскі палац. Нядаўна манарх перанёс аперацыю на прастаце, але анкалагічнае захворванне, як удакладняецца, з гэтым не звязанае. Кароль працягне займацца дзяржаўнымі справамі, хоць дактары і рэкамендуюць яму пакуль іх адкласці.

Чакаецца, што прынц Уэльскі заменіць караля на запланаваных візітах у Аўстралію і Канаду. Таксама, хутчэй за ўсё, яму давядзецца паўдзельнічаць у сустрэчы кіраўнікоў краін Садружнасці ў Самоа.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі