Аўстралійцы налічылі ў Беларусі 103 тысячы рабоў. А колькі іх насамрэч?
У Беларусі ― 103 тысячы рабоў. Прынамсі, такую лічбу агучыў аўстралійскі фонд Walk Free Foundation у свежым выпуску "Глабальнага індэкса рабства". Наша краіна трапіла на 20 месца антырэйтынгу са 167.
Нядаўна ў Віцебску за рабства судзілі прадпрымальніка. У Магілёве зараз расследуецца справа іншага мужчыны, які прымушаў “рабоў” збіраць міласціну. Але гэтыя выпадкі ― адзінкавыя. У Беларусі можна ўявіць дзясяткі такіх гісторый, але не 103 тысячы — лічбу, супастаўную з насельніцтвам горада Ліды.
Каго аўстралійцы залічваюць у беларускія рабы? Перадусім гаворка ідзе пра асобаў, якія тым ці іншым чынам выконваюць прымусовую працу, — кажа праваабаронца Валянцін Стэфановіч.
"Маюцца на ўвазе людзі, накіраваныя на выпраўленне ў так званыя лячэбна-працоўныя прафілакторыі (ЛПП), абавязаныя асобы (у якіх дзяржава забрала дзяцей, і яны мусяць кампенсаваць выдаткі на іх утрыманне) — калі грошай няма, па рашэнні суда яны павінныя працаваць. Традыцыйна мы адносім да прымусовай працы такія рэчы, як суботнікі і працы па ўборцы сельскагаспадарчай прадукцыі. Яны ў нас актыўна прымяняюцца, носяць недабраахвотны характар і не аплочваюцца", — распавядае Стэфановіч.
Па словах Валянціна Стэфановіча, штогод у ЛПП трапляе каля 7 тысяч беларусаў. А на суботнікі і “на бульбу” выходзяць мільёны. Напрыклад, у сёлетнім суботніку 21 красавіка 2018 года паўдзельнічала каля 3 млн чалавек.
"Мы спрабуем на гэтыя факты рэагаваць. Звяртаемся ў пракуратуру, каб яны рабілі праверку па факце публікацый у СМІ. Але стандартны адказ, што я не надзелены правам абараняць правы іншых", — кажа Стэфановіч.
У 2016 годзе Walk Free Foundation налічыў у Беларусі 44,6 тысячы "рабоў". То бок, лічба расце. Што праўда, яшчэ тады, у 2016-м, беларускае Міністэрства замежных справаў назвала даклад “забаўным”.
“Першае пытанне, якое з’явілася, — гэтыя людзі ў Беларусі былі? А калі былі, дык на якім нявольніцкім рынку яны лічылі рабоў "па галовах"? На Камароўцы?”, — здзіўляўся тагачасны кіраўнік прэс-службы МЗС Дзмітрый Мірончык. І, звяртаючы ўвагу на дакладнасць, з якой даследчыкі падлічылі рабоў, прапаноўваў ім прадставіць “у студыю!” пайменны спіс.
У тым, што агучаная аўстралійцамі лічба — не ўмоўная, сумняецца і старшыня Беларускага хельсінскага камітэта Алег Гулак.
"Складана казаць пра дакладную колькасць людзей, якія сутыкаюцца з праблемай прымусовай працы. Калі разава — дык іх можа быць і больш чым 103 тысячы. А на пастаяннай аснове — каб чалавек пастаянна быў у такім стане — мне падаецца, што іх нашмат менш. Індэксы, тым больш, параўнанні з рознымі краінамі, даволі ўмоўныя. Але тут галоўнае — не хто якое месца займае, а тое, што праблема прымусовай працы існуе, і яна актуальная. На жаль, яе дзяржава не хоча бачыць".
А вось размеркаванне па міжнародных дакументах не адносіцца да прымусовай працы. Беларускія праваабаронцы таксама пакуль не прыйшлі да кампрамісу па гэтым пытанні:
"Нейкіх міжнарожных зацверджанняў, што размеркаванне — гэта прымусовая праца, няма. Калі ўвялі размеркаванне і пад яго патрапілі тыя, хто пра яго не ведаў, калі паступаў — у той час гэта была адназначна прымусовая праца. Цяпер гэта не адпавядае канстытуцыйнаму праву на атрыманне бясплатнай адукацыі на конкурснай аснове, але не ў поўнай меры трапляе пад вызначэнне прымусовай працы", — мяркуе Алег Гулак.
Беларускія праваабаронцы штогод складаюць справаздачы пра сітуацыю з прымусовай працай для Камітэта па сацыяльных, эканамічных і культурных правах ААН. Міжнародныя арганізацыі, у сваю чаргу, пастаянна рэкамендуюць Беларусі прывесці гэты пункт у адпаведнасць з дзеючым заканадаўствам. Аднак ці атрымаецца ў нашай краіны адмовіцца ад суботнікаў, якія сталі ледзьве не культурнай адметнасцю краіны?