Аўстрыя паведаміла пра затрыманне расійскага шпіёна

Аўстрыя паведаміла пра затрыманне расійскага шпіёна

У Аўстрыі па падазрэнні ў шпіянажы на карысць Расіі затрымалі адстаўнога палкоўніка, перадае Бі-Бі-Сі. Паведамляецца, што ён мог зарабіць на перадачы сакрэтнай інфармацыі 300 тысяч еўра.

Паводле звестак аўстрыйскага выдання Kronen Zeitung, 70-гадовы палкоўнік працаваў на замежную разведку 20 гадоў. Будучы ў адстаўцы, ён займаў "непрыкметную пасаду" ў штабе аўстрыйскай арміі. Паведамляецца, быццам ён мусіў збіраць інфармацыю пра аўстрыйскія ВПС, артылерыйскія сістэмы, міграцыйную сітуацыю, а таксама дэталёва — пра шматлікіх аўстрыйскіх высокапастаўленых вайскоўцаў. Кожныя два тыдні ён кантактаваў з расійскім бокам з чалавекам, якога клічуць "Юрый".

Паводле выдання Die Presse, мужчыну завербавалі яшчэ ў 1988 годзе.

Міністр абароны Аўстрыі Марыё Кунасек заявіў, што звесткі пра затрыманага перадала некалькі тыдняў таму адна з еўрапейскіх спецслужбаў. Ён дадаў, што затрыманы перадаў контрразведчыкам свой ноўтбук, які зараз вывучаецца.

Міністр замежных спраў Аўстрыі Карын Кнайсль (на чыім вяселлі нядаўна гуляў расійскі прэзідэнт Уладзімір Пуцін) адмяніла паездку ў Маскву, прызначаную на 2 снежня. 

Ні расійская амбасада, ні Служба знешняй разведкі не сталі каментаваць звесткі пра затрыманне.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі