Аўтапарк на $6 млн: названы ТОП-10 "хабарадавальнікаў Лукашэнкі"
Рэтра-аўтамабіль “BCC Vintage” / drive2.com
“Хто даваў хабар Лукашэнку?" — так называецца новае відэарасследаванне ад аб'яднання былых сілавікоў з Беларусі. У 28-хвілінным роліку расказваецца пра "раскошныя аўтамабілі дыктатара", нібыта "бескарысліва" падораныя Лукашэнку.
"Майбахі" і "ГАЗы" Алексіна
На першае месца ў спісе хабарадавальнікаў ініцыятыва сілавікоў паставіла Аляксея Алексіна — буйнога беларускага бізнесмена, які блізкі да Лукашэнкі і валодае значнай колькасцю акцый прадпрыемстваў СЗАТ "Энерга-Оіл" і ТДА "Белнафтагаз".
"За апошнія пяць гадоў Алексін падарыў свайму дабрадзею ў прэзідэнцкім крэсле дзевяць транспартных сродкаў агульным коштам не менш як на 2 262 000 долараў ЗША", — гаворыцца ў відэа. Далей сілавікі пералічваюць аўтамабілі, падораныя, на іх думку, Аляксеем Алексіным Лукашэнку: два "Майбахі 62С" 2011 і 2012 гадоў выпуску, кожны коштам 810 тысяч долараў; рэтра-аўтамабіль "BCC Vintage" 2018 г. в. — 340 тысяч долараў; "Шэўрале Імпала" 1958 г. в. — 175 000 долараў; "Рэндж Ровер" 2019 г. в. — 140 тысяч долараў; "Додж Рам 1500" 2016 г. в. за 100 000 долараў; "Аўдзі Q7" 2009 г. в. — 52 тысячы долараў; "ГАЗ-69" 1967 г. в. — 26 000 долараў і "ГАЗ-69" 1960 г. в. — 30 тысяч долараў.
У якасці хабараў згадваюцца і матацыклы. Гэта "Харлей Дэвідсан" 2017 г. в. коштам 60 тысяч долараў; "Ява-350" 1969 г. в. — 10 000 долараў; трыцыкл "Спайдэр F3SM6" 2015 г. в. — 21 тысяча долараў. "Самым мілым дарам" аўтары відэа называюць "Рэно Твайзі" 2013 г. в. коштам 18 тысяч долараў.
"Падзяка за ўкрыванне"
Другое месца ў топе займае Айжан Кененбаева, жонка Максіма Бакіева, старэйшага сына экс-прэзідэнта Кыргызстана Курманбека Бакіева, які знаходзіцца ў міжнародным вышуку. Прычынай падзякі жонкі "састарэламу хабарніку" ініцыятыва сілавікоў называе заступніцтва і ўкрыванне сям'і Бакіевых у Беларусі.
Сярод падарункаў Айжан згадваецца браняваны "Мерседэс Майбах С600 Пулман Гард". Базавы кошт аўтамабіля — 1 400 000 еўра.
Акрамя лакшэры-мерседэса гаворыцца пра матацыкл "Харлей Дэвідсан" 2018 г. в. коштам 26 500 долараў. Паводле падлікаў ініцыятывы сілавікоў, сям'я Бакіевых надарыла матэрыяльных падзяк на суму не менш як 1 600 000 долараў.
Ілан Маск ні пры чым
Ініцыятыва сілавікоў перакананая, што аўтамабіль "Tesla Model S" 2017 г. в. коштам 110 тысяч долараў Лукашэнку падарыў не Ілан Маск, а Мікалай Варабей, уладальнік кампаній "Інтэрсэрвіс", "Нафтабітумны завод" і іншых. Электрамабіль, упэўненыя аўтары відэа, прэзентаваны ў якасці хабару за "спрыяльнае вырашэнне пытанняў на самым высокім узроўні".
Акрамя теслы, сярод падарункаў ад Мікалая Вараб'я згадваюць рарытэтны "ЗІС 110" 1947 г. в. коштам не менш як 460 тысяч долараў.
"Апальны Чыж"
Чацвёртым у спісе дарыльшчыкаў дарагіх падарункаў значыцца заснавальнік групы кампаній "Трайпл" бізнесмен Юрый Чыж. "Ролс Ройс Фантом (купэ)" 2008 г. в. за 500 000 долараў, "Пантэра Каліста" 1988 г. в. коштам не менш як 23 тысячы долараў — усё гэта называецца ў якасці падзяк ад Чыжа, які цяпер, па непацверджанай інфармацыі, знаходзіцца пад вартай.
"Удзельнік пацешнай хакейнай каманды"
Вечны спадарожнік і "Санча Панса" Лукашэнкі — так экс-сілавікі называюць былога старшыню Беларускай федэрацыі тэніса Сяргея Цяцерына. У відэа яго абвінавачваюць у замаскаваным пад падарунак хабары ў выглядзе аўто "Ролс Ройс Сільвер" 1954 г. в. коштам не менш як 225 тысяч долараў.
"Маскоўская пракладка"
На шостае месца ў спісе аматараў шчодра адорваць Лукашэнку ініцыятыва сілавікоў-бунтароў паставіла Аляксандра Кругленю, генеральнага дырэктара гандлёвага дома "Белтэхніка". У расследаванні яго называюць "маскоўскай пракладкай па пастаўках на рынак РФ трактароў МТЗ, арыгінальных запчастак і навяснога абсталявання". "Ролс Ройс Гоўст" 2014 г. в. коштам 205 тысяч долараў — такую машыну, на думку экс-сілавікоў, Кругленя прэзентаваў цяперашняму беларускаму кіраўніку.
"Асабістая лекарка дыктатара"
Святлану Канашэнка выкрывальнікі прадстаўляюць асабістай лекаркай Аляксандра Лукашэнкі. На "Бэнтлі Кантыненталь" 2010 г. в. за 190 тысяч долараў экс-сілавікі паказваюць як на "падарунак ад шчодрай служанкі", пазначаючы ў якасці дарыльшчыцы Святлану. "Дарэчы, Канашэнка гэты аўтамабіль з нейкай прычыны падарыў расійскі бізнесмен Вадзім Трапічкін. А потым асабістая лекарка перадарыла яго свайму гаспадару", — гаворыцца ў відэа.
Восьмае месца ў топе следчыя аддалі "Ролс Ройсу" 1954 г. в. коштам не менш як 100 000 долараў ад нейкага Анатоля Бялова. Прычыны падарунка і сувязі мужчыны з Лукашэнкам не называюцца. Дзявятым па спісе стаў экс-старшыня Беларускай федэрацыі хакея Дзмітрый Баскаў, які быў абвінавачаны ініцыятывай сілавікоў у дарэнні аўтамабіля "ГАЗ 20" 1949 г. в., ацэненага не менш як у 52 тысячы долараў.
Замыкае ТОП-10 "дар" ад дырэктара гандлёвага дома "БАТЭ" Васіля Савіна — "Багі Бамбардзір" 2013 г. в. коштам 20 тысяч долараў. Яшчэ аднаго дарыльшчыка, сябра савета дырэктараў ЕРАМ Карла Роба, экс-сілавікі не ўключылі ў спіс. Яны лічаць, што матацыкл "Харлей Дэвідсан" 2009 г. в. коштам 22 500 долараў у бізнесмена, хутчэй за ўсё, вымагалі.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.