Пачаўся адзін з самых дрэнных турыстычных сезонаў. Чым можна замяніць Крым?
Украінцы дэмпінгуюць і завабліваюць беларусаў нізкімі коштамі – 150 долараў за тыдзень на моры.
Крым для турыстаў з Беларусі стаў цяжкадаступным. Самалёты толькі з Масквы – даляцець з Мінска можна і за 240 долараў, але толькі восенню. На лета знайсці квіткі танней за 500 долараў у два бакі не атрымалася. З гэтага года перасталі хадзіць цягнікі і аўтобусы праз Украіну, якімі яшчэ можна было даехаць летась.
Цяпер з Мінска ходзіць аўтобус у Крым праз Расію. Ён едзе 40 гадзін але ў чарзе на паром не стаіць. Пасажыры праходзяць на паром пешшу, а на іншым баку іх чакае другі аўтобус. Каштуе гэта здавальненне ад 140 да 200 долараў.
Крым доўгі час быў самым танным варыянтам адпачынку для беларусаў. Мы вырашылі паглядзець, дзе яшчэ нядорага можна адпачыць на Чорным моры.
"На жаль, пэўнай тэндэнцыі, каб Крым пачалі замяняць, няма. Ужо бачна, што гэта будзе адзін з самых дрэнных сезонаў за ўсю гісторыю беларускага турбізнэсу", — кажа галоўны рэдактар газеты Турызм і адпачынак Лілія Кобзік.
Украінскае чарнаморскае ўзбярэжжа
Гэта адзін з напрамкаў, які мог бы стаць заменай Крыму, і турфірмы праяўляюць інтарэс, але вельмі асцярожна, бо не адчуваецца вялікага запатрабавання ад турыстаў.
Кобзік: "Аўтобусныя туры ў Адэскую вобласць – Затока, Сяргееўка, Адэса – яны вельмі танныя. Яны цяпер не маюць такога экстрыму, як летась, бо абстаноўка даволі спакойная. Але нашы людзі гэта ўспрымаюць, як не вельмі адназначную вандроўку, таму гэта не можа быць заменай Крыму".
Як даехаць?
Цягніком з Мінска можна даехаць у Адэсу, а цяпер яшчэ адзін цягнік з Мінска нядаўна пусцілі да Херсона. Можна ехаць прамым аўтобусам турфірмы або з перасадкамі па тэрыторыі Украіны на аўтобусах і маршрутках ці цягніках.
Цягнік Баранавічы-Мінск-Херсон будзе хадзіць з 15 чэрвеня па 31 жніўня па няцотных чыслах, цягнік Мінск-Адэса ходзіць па цотных.
Можна даехаць танным аўтобусам, калі замовіць паездку ў турфірме. Таксама можна даехаць да Адэсы аўтобусам Ecolines.
Час у дарозе:
Цягнік Мінск-Херсон: адпраўленне ў 13:47, прыбыццё ў 12:52 наступнага дня. У дарозе 23 гадзіны 5 хвілін
Цягнік Мінск-Адэса: адпраўленне 13:47, прыбыццё 12:27 наступнага дня. У дарозе 22 гадзіны 40 хвілін
Аўтобус Ecolines Мінск-Адэса: адпраўленне 19:30, прыбыццё 13:35 наступнага дня (аўторак, пятніца)
Цана:
Мінск-Херсон: плацкарт — 898 000 рублёў, купэ — 1437800
Мінск-Адэса: плацкарт — 898 000 рублёў, купэ – 1437800
Аўтобус Ecolines — 300 000 да 21 чэрвеня (потым 600 000)
"Недзе 150 долараў на тыдзень будзе каштаваць адпачынак з размяшчэннем, харчаваннем і праездам на аўтобусе. Гэты кошт можа шакаваць, але тыя, хто прымае турыстаў, вельмі пасунуліся ў кошце, каб паказаць, што ў Адэсу можна ехаць і там чакаюць нашых турыстаў. Робіцца прамоцыя напрамку, каб зноў яго раскруціць", – кажа Лілія Кобзік.
Таму па коштах адпачынак на Чорным моры ва Украіне адпавядае крымскаму.
Балгарыя
Беларуская чыгунка запусціла сёлета і цягнік у Балгарыю. Але наўрад ці ён зможа стаць запатрабаваным, бо каштуе даражэй за самалёт. Сам жа адпачынак у Балгарыі не такі танны. Толькі за візу трэба выкласці 60 еўра. Так што гэта не можа быць раўназначнай заменай.
Як даехаць?
З 17 чэрвеня па 9 верасня будзе хадзіць цягнік Мінск—Варна. Гэтак жа можна дабрацца турыстычным аўтобусам або чартэрным рэйсам, або самалётам з Польшчы.
Час у дарозе:
Цягнік будзе курсіраваць раз у тыдзень. Адпраўленне па серадах у 13:18, прыбыццё праз суткі ў 10:15. Час у дарозе 45 гадзін.
Цана:
Цягнік Мінск-Варна: купэ — 2 572 200, СВ — 4 345 600 / 5 551 800
Самалёт Варшава-Бургас лоўкостэраў Wizzair каштуе каля 200 долараў у два бакі, але яшчэ трэба ўлічваць дарогу да Варшавы і назад. На аўтобусе гэта можа каштаваць 60 долараў туды-назад. Гэта выходзіць хутчэй і танней чым цягнік, які ў два бакі абыдзецца ў 360 долараў у купэ.
Чартарны самалёт з Мінска ў Балгарыю будзе каштаваць прыкладна 275 долараў. Аўтобус 100 долараў.
Грузія
Па ўсім Мінску сёлета відаць рэкламу адпачынку ў Батумі. Можа Грузія заменіць нам крымскія пляжы?
Лілія Кобзік: "Грузія калі раскруцілася, як паўнавартасны еўрапейскі напрамак, адразу выставіла немалыя кошты. Яна на бюджэтнасць не прэтэндуе. Яны адбудавалі інфарстуктуру і рэгулююць плыні коштамі. Яны вырашаць, якая публіка да іх прыедзе. Грузія хоча мець розную публіку, але сярэдняга і вышэй сярэдняга дастатку. Таму кошты немалыя і замяніць Крым не атрымаецца".
Як даехаць?
Ёсць некалькі варыянтаў, як даляцець да Грузіі. Ехаць па зямлі вядома як-то можна, але гэта будзе занадта доўга. Самы просты спосаб – гэта самалёт з Мінска да Батумі. Гэтак жа лётаюць лоўкосты з суседняй Літвы, але патрэбна віза і не вельмі тое танней нашай Белавіі. На лета для беларусаў з'явілася вельмі выгадная прапанова ад украінскіх авіяліній — самалёт да Кутаісі ўсяго за 160 еўра туды-назад. Гэта з перасадкай у Кіеве, але яна арганізавана так, што вы лёгка паспяваеце.
Цана:
Украінскімі МАУ: 200 долараў
Белавія: 340 долараў
Расія
Што датычыцца расійскага напрамку, напрыклад, Сочы, то гэта варыянт не самы танны. Самалёт з Мінска будзе каштаваць столькі ж, як да Батумі. Але кошты на месцы будуць вышэйшыя.
Лілія Кобзік: "Тут кошт тураў зусім іншы, гэта не танная Адэса. Так, гэта Чорнае мора, але яно будзе па цане Эгейскага. Усе гэта кажа, што паўнавартаснай замены Крыму няма".
Як даехаць?
Самалёт Мінск – Сочы. 2,5 гадзіны
Цана: 320 долараў
Лілія Кобзік: "Мы так разумелі адпачынак, што хацелі заплаціць за тур капейкі, а там ужо патраціць у тры разы болей. А не выкласці адразу тысячу долараў, як за Балгарыю. Быў вялікі пласт такіх людзей і дзе яны невядома, бо скарацілася ўсё на розных напрамках".
Тыя схемы якія напрацоўваліся гадамі ў турбізнэсе, разваліліся, і адразу перайсці на новыя напрамкі не атрымліваецца, тым больш, што ў гэтым сезоне беларусы пакуль прытрымліваюць грошы. Ранняга браніравання няма, і сезон можа быць вельмі сумным.