Азаранка правядзе першы матч пасля вяртання супраць японкі Адзакі
Беларуская тэнісістка Вікторыя Азаранка вяртаецца ў спорт пасля нараджэння сына і стартуе з матчу супраць японкі Рысы Адзакі. З гэтай сустрэчы беларуска пачне выступ на турніры ў іспанскай Мальёрцы з прызавым фондам 250 тысяч долараў.
Пасля нараджэння сына ў снежні 2016 года Азаранка заяўляла, што мае намер вярнуцца на корты толькі ў пачатку 2018 года, у аўстралійскім Брысбене. Затым, па меры аднаўлення спартовай формы, беларуска вырашыла выступаць у ліпені гэтага года на турніры ў Стэнфардзе, а цяпер ужо адчула сябе гатовай выйсці на корты Іспаніі.
Яе саперніца, 23-гадовая Рыса Адзакі, мае на сёння 73-е месца ў сусветным жаночым рэйтынгу.