Барысаўчанін замовіў у інтэрнэт-краме гарбату, а атрымаў наркотык

Барысаўчанін замовіў у інтэрнэт-краме гарбату, а атрымаў наркотык

4 траўня на плошчы Калініна ў Мінску мужчыну стала дрэнна. "Хуткая дапамога" даставіла яго ў лякарню з падазрэннем на атручванне псіхаактыўнымі рэчывамі. Праверкай гэтага падазрэння заняліся супрацоўнікі аддзялення па наркакантролі і супрацьдзеянні гандлю людзьмі Першамайскага РУУС Мінска.

У асабістых рэчах шпіталізаванага мужчыны знайшлі больш за 11 грамаў парашкападобнага рэчыва зялёнага колеру, паведамляе прэс-служба ГУУС Мінгарвыканкама. Як выявілі эксперты, рэчыва апынулася асабліва небяспечным наркатычным сродкам — мітрагінінам.

Пацярпелы мужчына — 32-гадовы непрацуючы жыхар Барысава. Ён распавёў, што гэтае рэчыва замовіў на ўкраінскім сайце па продажы этнічнай гарбаты. Пакупку мужчына аплаціў онлайн, а "гарбата" прыбыла да яго па пошце. Мужчына разводзіў парашок вадой і піў. Дрэнна яму стала не адразу, а праз нейкі час, калі ён прыехаў у Мінск.

Праваахоўнікі пачалі крымінальную справу за незаконны абарот наркатычных сродкаў, псіхатропных рэчываў, іх прэкурсораў і аналагаў.

Паведамляецца, што раней барысаўчанін да крымінальнай адказнасці не прыцягваўся.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі