БАТЭ: БТ зноў хацела, каб мы набылі ў венграў правы і перадалі іх бясплатна

У аўторак барысаўскі ФК “БАТЭ” сустракаецца з венгерскім “Дэбрэцэнам”. Матч на “Барысаў-Арэне” будуць трансляваць тэлеканалы… абедзвюх краін. А вось першую, гасцявую гульню, якая прайшла 1 жніўня, паказалі толькі венгерскім аматарам футбола. У прадстаўнікоў адзінага спартовага канала краіны не атрымалася дамовіцца па коштах на трансляцыю матча з праваўладальнікамі. Еўрарадыё вырашыла даведацца, што ж за непасільную суму прасілі венгры за паказ гульні “Дэбрэцэн” — БАТЭ. Дырэктар “БТ-5Павел Булацкі ад любых каментарыяў па тэме адмовіўся, спаслаўшыся на ранейшае інтерв’ю “Прессболу”.

“Ну нельга плаціць, скажам, за трансляцыю матча 2-га раўнда Лігі Еўропы з Фінляндыі ў разы больш, чым мы заплацілі за фінал гандбольнага Кубка выкліку з удзелам мінскага СКА. За што? За “МюПа”? Пайшоў у гастраном за вадой без газа, а табе рахунак за калекцыйны віскі выкацілі… Мы ж выдатна разумеем, што такую суму ні рэкламным часам, ні рэйтынгам трансляцыі не адаб’еш”.

Правы на трансляцыю кваліфікацыйных матчаў Лігі Чэмпіёнаў належаць футбольным клубам, якія гуляюць дома. У Беларусі, хіба не ў адзінай еўрапейскай краіне, клубы бясплатна аддавалі трансляцыю тэлебачанню, абы толькі паказвалі.

“Беларускае тэлебачанне хацела, каб мы набылі ў венграў правы і перадалі іх бясплатна, як гэта ўжо было два гады таму, — называе сваю прычыну адсутнасці ў беларускім эфіры матча “Дэбрэцэн” — БАТЭ генеральны дырэктар барысаўчан Анатоль Капскі. — Дарэчы, на тым, што Венгры набылі сённяшнюю трансляцыю, БТ зарабіла, бо мы з іх грошы не бралі, а яны бяруць грошы за пад’ём сігналу на спадарожнік. У нас няма ніякага супрацьстаяння з БТ. Але набываць правы на трансляцыю ў Венгрыі, каб паказаць яе па беларускім тэлебачанні, мы не палічылі магчымым”.

А вось клуб “Шахцёр” у супрацьстаянне з беларускім тэлебачаннем уступіў жорстка. У выніку ні адзін кваліфікацыйны матч салігорскіх футбалістаў трансляваць не плануецца, нягледзячы на вельмі яскравы і паказальны матч з бельгійскім “Зюлте-Варэгем” ("Шахцёр" перамог з лікам 2:5).

“Я заўсёды з усімі дамаўляўся, але тут ужо прынцыповы момант, — не хаваючы эмоцый каментуе дырэктар “ШахцёраЮры Вяргейчык. — Трэба зламаць гэтую традыцыю! І справа нават не ў суме! Менавіта таму я і кажу, што трансляцыя будзе толькі платная! А ўжо колькі яны здольныя заплаціць — няхай выходзяць з прапановамі. Яны мусяць прапанаваць суму! Але ніхто са мной на сувязь не выходзіць. Я б хацеў, каб наша бедная Беларуская тэлердыёкампанія шчыра агучыла сумы, за якія яны набываюць правы на трансляцыю англійскай прэмер-лігі, колькі яны атрымліваюць датацый ад дзяржавы і гэтак далей. А яшчэ я б хацеў, каб яны прынцыпова вырашылі для сябе, што трэба разам займацца развіццём спорту ў краіне, а не самаўхіляцца”.

Наўрад ці трансляцыя футбола ў Венгрыі прыносіць больш грошай, чым у Беларусі, але еўракубкавыя гульні сваіх каманд там транслююць. Затое ў нас ёсць свой спартовы канал. А у венграў няма!

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі