БАТЭ ў гасцях разграміў “Нафтан” — 3:0 (відэа)
У пятніцу, 16 чэрвеня, прайшлі чарговыя матчы 12-га тура чэмпіянату Беларусі па футболе. БАТЭ ў гасцях разграміў “Нафтан” — 3:0. Галы забілі Аляксандр Валадзько (16-я хвіліна), Міхаіл Гардзяйчук (30) і Міхаіл Афанасьеў (аўтагол, 70). Брэсцкае “Дынама” ўпусціла перамогу ў Жодзіне, дзе згуляла з мясцовым “Тарпеда-БелАЗ” унічыю 1:1. Леандра Торэс адкрыў лік на 12-й хвіліне, а на 82-й Максім Скавыш яго зраўняў. Мінскае “Дынама” вырвала перамогу ў “Іслачы” ўжо ў даданыя да асноўнага часу хвіліны — 1:0. Гол забіў Антон Сарока. “Дняпро” дома саступіла “Шахцёру” — 0:1 (Аляксей Янушкевіч, 29).
У чэмпіянаце па-ранейшаму лідыруе салігорскі "Шахцёр" — 29 ачкоў, у БАТЭ 26 ачкоў, у мінскага "Дынама" — 25.
17 чэрвеня пройдзе апошні матч 12-га тура, згуляюць "Віцебск" і "Славія".