БАТЭ ўпусціў перамогу над “Слованам” — 1:1 (відэа)
Выйграючы 1:0, барысаўчане прапусцілі за 10 хвілін да канца першага матча плэй-оф Лігі чэмпіёнаў.
Барысаўскі БАТЭ не здолеў утрымаць пераможны лік у выязным матчы раўнда плэй-оф Лігі чэмпіёнаў супраць браціслаўскга “Слована”, але захоўвае добрыя шанцы на выхад у групавую стадыю галоўнага еўракубкавага турніру.
На 44-й хвіліне з перадачы Сяргея Крыўца мяч у свае вароты зрэзаў абаронца славацкай каманды Томаш Яблонскі. У другім тайме Віталь Радзівонаў не здолеў рэалізаваць выхад сам-насам. А за 10 хвілін да канца матчу “Слован” здолеў зраўняць лік: ветэран славацкай зборнай Роберт Вітэк разабраўся з двума абаронцамі БАТЭ і прабіў Чэрніка ў дальні вугал.
Матч у адказ пройдзе на “Барысаў-арэне” 26 жніўня. БАТЭ задаволіць перамога з любым лікам або нулявая нічыя. Вынік 1:1 прывядзе да дадатковага часу і, магчыма, да серыі пенальці. Любы іншы вынік — на карысць славацкай каманды.
Пераможца па суме двух матчаў трапляе ў групавую стадыю Лігі чэмпіёнаў. Каманда, што прайграе, працягне еўракубкавую восень у Лізе Еўропы.