Байдэн і Сі Цзіньпін дамовіліся аднавіць кантакты паміж вайскоўцамі
Джо Байдэн и Сі Цзіньпін
Па выніках сустрэчы ў Сан-Францыска прэзідэнт ЗША Джо Байдэн і лідар Кітая Сі Цзіньпін дамовіліся аднавіць прамыя тэлефонныя кантакты паміж кіраўнікамі дзяржаў, а таксама кантакты паміж вайскоўцамі. Падрабязнасці гэтай сустрэчы, якая адбылася ў сераду, паведамляе Reuters.
Байдэн і Сі Цзіньпін размаўлялі каля чатырох гадзін — абмяркоўвалі пытанні, якія выклікаюць напружанасць у амерыкана-кітайскіх адносінах. Дамовіцца атрымалася не пра ўсё — у прыватнасці, застаюцца рознагалоссі ў дачыненні да Тайваня. Паводле ацэнкі Reuters, сур'ёзным прарывам стала тое, што бакі дамовіліся аднавіць ваенныя кантакты, якія Кітай разарваў пасля візіту Нэнсі Пэласі, на той момант спікера Палаты прадстаўнікоў, на Тайвань у жніўні 2022 года.
"Мы вяртаемся да адкрытых выразных зносін на прамой аснове", — сказаў Байдэн. Ён таксама распавёў, што яны з Сі Цзіньпінам дамовіліся аб кантактах на высокім узроўні: "Мы з ім дамовіліся, што кожны з нас можа адказаць на тэлефонны званок наўпрост, і нас неадкладна пачуюць".
Але адначасова у размове з журналістамі Байдэн заявіў, што па-ранейшаму лічыць Сі Цзіньпіна дыктатарам. "Я маю на ўвазе, што ён дыктатар у тым сэнсе, што ён хлопец, які кіруе краінай, якая з'яўляецца камуністычнай краінай", — удакладніў прэзідэнт ЗША.
Для Сі Цзіньпіна важным было абмеркаваць эканамічныя пытанні. Эканоміка Кітая дэманструе ў цяперашні час вельмі стрыманы рост. "Планета Зямля досыць вялікая для таго, каб дзве краіны дамагліся поспеху", — казаў Сі Цзіньпін Байдэну на сустрэчы. Байдэн са свайго боку адзначыў, што ЗША і Кітай павінны забяспечыць, каб канкурэнцыя паміж імі "не перарасла ў канфлікт", і кіраваць сваімі адносінамі "адказна".
Сі Цзіньпін прыляцеў у ЗША таксама для ўдзелу ў саміце форуму Азіяцка-Ціхаакіянскага эканамічнага супрацоўніцтва (АТЭС). Форум пачаў сваю працу таксама ў сераду.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.