Байдэну рэкамендавалі пашырыць санкцыі на сотні беларускіх чыноўнікаў

Байдэну рэкамендавалі пашырыць санкцыі на сотні беларускіх чыноўнікаў

Атлантычная рада падрыхтавала даклад для Джо Байдэна па адносінах з Беларуссю. Ён так і называецца — "Байдэн і Беларусь: стратэгія для новай адміністрацыі". 

Аўтарамі дакладу сталі журналіст і дыпламат Андрэс Ослунд, намеснік дырэктара Еўразійскага цэнтра Атлантычнай рады Мелінда Хэрынг, былы амбасадар ЗША ва Узбекістане і Украіне Джон Хербст і экс-амбасадар ЗША ў Расіі, былы намеснік генсакратара NATO Аляксандр Вершбоў. Яны лічаць, што Байдэн мае гістарычны шанец аб'яднаць Еўропу і "пераламіць дыктатуру, стварыўшы міжнародную кааліцыю ў падтрымку дэмакратыі ў Беларусі".

На думку аўтараў даклада, прэзідэнт ЗША павінен сустрэцца са Святланай Ціханоўскай у першыя 100 дзён свайго кіравання. 

Для каардынацыі санкцыяў з ЕС, Вялікабрытаніяй і Канадай Байдэну рэкамендуюць прызначыць высокапастаўленага чыноўніка. Пад санкцыі павінныя трапіць "сотні беларускіх чыноўнікаў, якія парушаюць правы чалавека, каб гэта служыла стрымвальным фактарам далейшай эскалацыі рэпрэсій". Аўтары гатовыя падаць спіс для разгляду, адзначае TUT.by.

Аляксандра Лукашэнку рэкамендуецца называць былым прэзідэнтам Беларусі. 

"Амбасадар ЗША ў Беларусі Джулі Фішэр павінна заняць сваю пасаду ў Мінску і наведаць Вільню па меры неабходнасці, але не ўручаць Лукашэнку свае даверчыя граматы. ЗША варта ўвесці санкцыі супраць кампаній, якія займаюцца прыватнымі фінансамі Лукашэнкі. ЗША павінны пагражаць санкцыямі расійскім кампаніям і бізнесоўцам у выпадку, калі яны захопяць беларускія кампаніі ці падтрымаюць рэжым Лукашэнкі фінансава або палітычна. ЗША таксама павінны ўвесці санкцыі супраць расійскіх СМІ і журналістаў, якія ўдзельнічаюць у прапагандысцкіх кампаніях супраць пратэснага руху ў Беларусі", — гаворыцца ў дакладзе.

Рэкамендуецца, каб Дзярждэпартамент штогод выдаткоўваў на падтрымку грамадзянскай супольнасці Беларусі і СМІ не менш за 200 млн долараў. Кангрэсу рэкамендуецца падвоіць бюджэт беларускай службы "Радыё Свабода".

У Дзярждэпартаменце рэкамендуецца прызначыць высокапастаўленага чыноўніка, які будзе кантраляваць дапамогу Беарусі і штоквартальна даваць справаздачу перад кангрэсам. Аўтары прапаноўваюць перадаваць дапамогу апазіцыі па гуманітарных каналах, каб яна трапіла ў Беларусь. 

Не забыліся аўтары даклада і пра палітвязняў, якіх сёння ў Беларусі ўжо 220 чалавек. "Дзяржсакратар павінен садзейнічаць безумоўнаму вызваленню і амністыі ўсіх палітычных зняволеных, заклікаць да спынення гвалту і настойваць на ўсебаковым нацыянальным дыялогу для вырашэння палітычнага крызісу ў Беларусі і правядзення ў будучыні свабодных і справядлівых выбараў", — падкрэсліваецца ў дакуменце.

Для развязання беларускага крызісу прапаноўваецца выкарыстоўваць і міжнародныя арганізацыі кшталту ААН і АБСЕ. 

Таксама ў дакладзе пададзеныя рэкамендацыі для кіравання "рэакцыяй Расіі на падзеі ў Беларусі", каб прадухіліць рэпрэсіі з боку Крамля.

Атлантычная рада — амерыканскі аналітычны цэнтр па супрацоўніцтве паміж ЗША і Заходняй Еўропай. Яна заснаваная ў 1961 годзе пры NATO, але юрыдычна не звязаная з урадам ЗША і NATO. 

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі