БДУ: “Ніякіх папер ад Міністэрства адукацыі пра сумоўе дагэтуль няма”

Як даведалася Еўрарадыё, міністр адукацыі паспяшаўся, калі запрашаў абітурыентаў зарэгістравацца на сумоўе. У панядзелак міністр адукацыі Аляксандр Радзькоў заявіў БелТА, што з першых дзён сакавіка пачалася рэгістрацыя абітурыентаў, якім неабходна прайсці сумоўе, каб паступіць на шэраг пэўных спецыяльнасцяў. Але у прыёмных камісіях ВНУ нічога пра гэта не ведаюць і нікога на сумоўе не запісваюць.

У прыёмнай камісіі БДУ Еўрарадыё кажуць, што дагэтуль з міністэрства няма ніякіх папер.

Сябра камісіі: “Міністр, відаць, даў некаму справаздачу. Ні ў адной ВНУ няма Палажэння, і нідзе запіс не ідзе. З міністэрства няма паперы, на падставе якой мы павінны арганізаваць свае камісіі. Палажэння няма. І тое, што ў Інтэрнэце напісалі, што ўжо ідзе запіс, – гэта няпраўда. Мы стэлефанаваліся з усімі ВНУ, ні ў адной з іх нічога няма”.

Нагадаем, згодна з новымі правіламі, усе ахвотныя паступіць на факультэты журналістыкі, міжнароднай журналістыкі, дзяржаўнага кіравання, міжнародных адносінаў, міжнароднага права, мытнай справы ды шэрагу іншых, павінны прайсці пэўнае сумоўе. Падчас яго, нібыта, высвятляць, ці прыдатны вы працаваць па той спецыяльнасці, якую выбралі для паступлення. Па выніках сумоўя абітурыенту выдадуць рэкамендацыю, дзе напішуць, ці можа ён паступаць на абраную спецыяльнасць. Але што будзе адбывацца падчас гэтага сумоўя і на падставе чаго будуць высвятляць, ці падыходзіць той ці іншы чалавек, каб стаць журналістам альбо мытнікам, у прыёмных камісіях пакуль таксама не ведаюць.

Сябра камісіі: “Будзе сумоўе і некалькі тэстаў. Так нам наконт гэтага вусна адказалі ў міністэрстве. Безумоўна, першым пытаннем будзе: “Чаму вы абралі менавіта гэтую спецыяльнасць?” Я так думаю. А як яно там будзе на самой справе, не вядома…"

Паводле словаў міністра Радзькова, камісіі, якія будуць праводзіць гэтае сумоўе, узначаляць “кіраўнікі ВНУ, прадстаўнікі факультэтаў, зацікаўленых ведамстваў, прадпрыемстваў-замоўцаў кадраў, практыкі”. А само сумоўе нібыта будзе праходзіць у выглядзе “давяральнай размовы”.

У прыёмнай камісіі БДУ Еўрарадыё параілі патэлефанаваць у сераду. Кажуць, можа, тады да іх ужо дойдзе распрацаванае чыноўнікамі Міністэрства адукацыі “Палажэнне аб правядзенні сумоўя пры паступленні на пэўныя спецыяльнасці”. І тады яны будуць ведаць, як фармаваць камісіі

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі