У МАК патлумачылі, чаму на Алімпіяду паедуць праўладныя СМІ з РБ
Алімпіяда, ілюстрацыйнае фота
Ад Беларусі на Алімпіяду паедуць прадстаўнікі дзяржаўных СМІ, бо акрэдытацыя медыя на гульні — гэтапрэрагатыва Нацыянальнага алімпійскага камітэта. Пра гэта рэдакцыі сайта "Зеркало" заявілі ў прэс-службе Міжнароднага Алімпійскага камітэта.
"Акрэдытацыя прэсы на Алімпійскія гульні ажыццяўляецца адпаведным Нацыянальным алімпійскім камітэтам (НАК) для СМІ на тэрыторыі іх краіны. Таму мы адсылаем вас у НАК Беларусі, дзейнасць якога не прыпыненая ў адрозненне ад Алімпійскага камітэта Расіі (АКР)", — прыводзіць сайт афіцыйны адказ з МАК.
Раней стала вядома, што на сёлетнюю Алімпіяду ў Парыжы акрэдытаваныя супрацоўнікі дзяржаўнага інфармагенцтва БЕЛТА, газеты "Спортивная панорама", выдання "Прессбол", сайта SPORT5.BY, прэс-службы Беларускай асацыяцыі гімнастыкі і газеты "СБ. Беларусь сегодня".
У Беларускай асацыяцыі журналістаў падкрэсліваюць, што супрацоўнікі БЕЛТА і "СБ. Беларусь сегодня" трапілі пад санкцыі ЕС за прапаганду нападу Расіі на Украіну. Пры гэтым некаторыя супрацоўнікі газеты "СБ. Беларусь сегодня" разам з сілавікамі ўдзельнічалі ў допытах людзей, затрыманых падчас мірных пратэстаў у Беларусі. Прадстаўнікі сайта SPORT5.BY — гэта супрацоўнікі тэлеканала "Беларусь 5" — ён уваходзіць у Нацыянальную дзяржаўную тэлерадыёкампанію Беларусі, якая таксама знаходзіцца пад санкцыямі.
Алімпіяда пройдзе з 26 ліпеня па 11 жніўня 2024 года.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.