"Беларусь 1" выпусціў сюжэт пра штурм Палаца Рэспублікі і хайп Паўла Севярынца
Павел Севярынец / Еўрарадыё
Тэлеканал "Беларусь 1" учора выпусціў у эфір 10-хвілінны сюжэт пра бясспрэчныя плюсы эканамічнай інтэграцыі і бессэнсоўнасць антыінтэграцыйных акцый. А яшчэ зноў згадаў дзяцей і Паўла Севярынца
Журналіст дзяржаўнага тэлеканала Аляксей Волкаў расказвае пра плюсы інтэграцыі і падкрэслівае, што размова вядзецца толькі пра эканоміку:
"Адмена роўмінгу, адзіны Падатковы кодэкс, рынак энерганосьбітаў — усяго 31 дарожная карта гаворыць пра эканоміку. Але ж нават у так званай дамове аб стварэнні Саюзнай дзяржавы чырвонай лініяй праз увесь тэкст ідзе думка: Мінск і Масква — роўныя партнёры".
Штурм Палаца Рэспублікі
На думку журналіста дзяржСМІ, добрая ідэя інтэграцыі тоне ў абразлівых крыках і плакатах, не кажучы ўжо пра спробу штурму:
"Прычым Палаца Рэспублікі, які, увогуле ж, ні пры чым, ды і актывістаў не пускала міліцыя на прыступкі хаця б таму, што гэта знакавы для краіны будынак і ён заўсёды пад аховай. Не кажучы нават пра тое, што сама Кастрычніцкая плошча не ўваходзіць у лік дазволеных для правядзення мерапрыемстваў такога кшталту".
Хайп Севярынца
Дасталася ў чарговы раз і палітыку Паўлу Севярынцу. Спярша рытарычна запыталіся, чаму такія людзі, як ён, выводзяць людзей на акцыі і ўводзяць у зман, ды і наогул не могуць толкам сфармуляваць, пра што пратэстуюць. Нагадалі аб папярэджанні з боку ГУУС:
"Лідара беларускіх хрысціянскіх дэмакратаў папярэдзілі напярэдадні, зноў жа, хрысціянскіх светлых святаў: не парушайце закон, доўга заплюшчваць вочы, тым больш, калі на вуліцах шмат дзяцей і сем'яў, якія адпачываюць ад мітусні, — на беззаконне не будуць".
А ў канцы і зусім абвінавацілі ў спробе "хайпануць" і зарабіць палітычныя ачкі на "вострай тэме".
Раней шэраг іншых дзяржаўных СМІ апублікавалі артыкулы і сюжэты пра папярэднія акцыі 7 і 8 снежня і папярэдзілі пра небяспеку акцыі 20 снежня.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.