Беларусь адказала Расіі наконт прэтэнзій па нарвежскай рыбе
Якасць жывёлагадоўчай, у тым ліку і рыбнай, сыравіны, якя паступае ў Беларусь, кантралюецца ў адпаведнасці з заканадаўствам ЕАЭС. Так у Міністэрстве сельскай гаспадаркі і харчавання пракаментавалі прэтэнзіі Рассельгаснагляду, перадае БЕЛТА.
Сёння стала вядома аб прэтэнзіях Рассельгаснагляду да нарвежскай рыбы, якую перапрацоўваюць у Беларусі і пастаўляюць у Расію. Маўляў, там неаднаразова знаходзілі шкодныя рэчывы. Расія папрасіла беларускі бок не пастаўляць больш нарвежскую рыбу.
Акрамя таго, Рассельгаснагляд звярнуўся ў ветслужбу Нарвегіі, каб правесці інспекцыю прадпрыемстваў па вытворчасці ласося і стронгі. Але нарвежцы адмовілі расіянам, спаслаўшыся на шчыльны графік.
"Міністэрства сельскай гаспадаркі і харчавання Беларусі таксама заклапочанае інфармацыяй аб адмове Рассельгаснагляду кампетэнтнага органа Нарвегіі ў правядзенні інспекцыі прадпрыемстваў, якія ажыццяўляюць вытворчасць аквакультуры", — паспачувалі ў беларускім ведамстве.
Пасля гэтага прадстаўнікі Мінсельгасхарчу заявілі, што ўся жывёлагадоўчая сыравіна, якая паступае ў Беларусь, "падвяргаецца кантролю ў адпаведнасці з заканадаўствам ЕАЭС". Акрамя таго, беларускія спецыялісты, маўляў, праводзяць маніторынг у адпаведнасці са сваімі планамі і згодна з расійскімі патрабаваннямі.
У беларускім міністэрстве дадалі, што наша рыбная прадукцыя паступае ва ўсе краіны ЕАЭС, а таксама ў іншыя дзяржавы, у тым ліку Еўрапейскага саюза. Чыноўнікі паабяцалі бліжэйшым час даслаць у Рассельгаснагляд дакладную інфармацыю наконт лабараторнага маніторынгу.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.