Беларусь назвала канькабежцаў, якіх дазаявіць на Алімпіяду-2018
Нацыянальны алімпійскі камітэт назваў імёны трох канькабежцаў, якія адправяцца на Алімпіяду-2018 па дадатковых квотах, перадае БЕЛТА.
У склад беларускай дэлегацыі дадаткова ўвайшлі Віталь Міхайлаў (мас-старт), Таццяна Міхайлава (1000 м) і Ксенія Садоўская (500 м). Раней Беларусь уключыла ў алімпійскую зборную Марыну Зуеву (1500 м, 3000 м, 5000 м, мас-старт) і Ігната Галавацюка (500 м, 1000 м).
Як паведамлялася, 29 снежня аргкамітэт Алімпіяды вылучыў Беларусі пяць дадатковых квотаў на ўдзел у Гульнях. Гэта ліцэнзіі, ад якіх адмовілася зборная Расіі.
Акрамя трох канькабежцаў у Пхёнчхан могуць адправіцца яшчэ два прадстаўнікі лыжных гонак. Іх імёны яшчэ афіцыйна не названыя. Неафіцыйна СМІ даведаліся, што адной з удзельніц можа быць Валянціна Камінская.
Беларусь на зімовай Алімпіядзе-2018 будзе прадстаўленая 31 спартоўцам у шасці відах спорту.