Беларусь перадае Харватыі старшынство ў Цэнтральна-Еўрапейскай ініцыятыве

Беларусь перадае Харватыі старшынство ў Цэнтральна-Еўрапейскай ініцыятыве

Кіраўніцтва Цэнтральна-Еўрапейскай ініцыятывы высока ацаніла сёлетняе старшынства Беларусі ў арганізацыі. Пра гэта заявіла намесніца генеральнага сакратара ЦЕІ Маргот Клестыль-Лефлер. Сустрэча кіраўнікоў урадаў краін ЦЕІ праходзіць у Мінску. 

"Ваша старшынства ў ЦЕІ зрабіла вялікі ўнёсак у паляпшэнне збалансаванага падыходу. Мы дзякуем Андрэю Кабякову і Уладзіміру Макею за плённае супрацоўніцтва і тую падтрымку, якую яны рабілі нам падчас старшынства Беларусі ў ЦЕІ", — перадае БЕЛТА словы Маргот Клестыль-Лефлер.

Яна акрэсліла праблемы, якія стаяць перад краінамі ЦЕІ сёння: "Гэта і змена клімату, і кібертэрарызм, і нелегальная міграцыя. Мы разумеем, што трэба паставіць стратэгічныя мэты, якія дапамогуць нам вырашаць такія праблемы".

Па словах Клестыль-Лефлер, падрыхтаваны план дзеянняў ЦЕІ на 2018-2020 гады з улікам прапановаў, якія выказалі краіны-ўдзельніцы. 

Намесніца генсакратара паведаміла, што плануецца павялічыць фінансаванне праектаў у рамках ЦЕІ. "Мы чакаем плённага супрацоўніцтва з Харватыяй, якая будзе старшыняваць у ЦЕІ ў 2018 годзе. І спадзяемся, што яна будзе выкарыстоўваць пераемнасць і таксама актыўна рабіць унёсак ва ўмацаванне нашай арганізацыі".

Цэнтральна-Еўрапейская ініцыятыва была створаная ў 1989 годзе як арганізацыя, закліканая спрыяць развіццю ўстойлівых сувязяў паміж дзяржавамі Цэнтральнай, Заходняй і Усходняй Еўропы ў галіне палітыкі, эканомікі і культуры, а таксама для недапушчэння ўтварэння новых раздзяляльных ліній у Еўрапейскім рэгіёне. Сёння ў ЦЕІ ўваходзяць 18 краін: Аўстрыя, Албанія, Беларусь, Балгарыя, Боснія і Герцагавіна, Венгрыя, Італія, Македонія, Малдова, Польшча, Румынія, Сербія, Славакія, Славенія, Украіна, Харватыя, Чарнагорыя, Чэхія. Беларусь увайшла ў ЦЕІ ў чэрвені 1996 года.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі