Беларусь працягвае перамовы з МВФ па новай крэдытнай праграме

Беларусь працягвае перамовы з МВФ па новай крэдытнай праграме

Беларусь працягвае перамовы з Міжнародным валютным фондам па новай крэдытнай праграме. Пра гэта заявіў першы намеснік міністра фінансаў Максім Ермаловіч. Паводле яго слоў, кансультацыі з МВФ не спыняліся.

"Працягваецца праца і ўзаемадзеянне па бюджэтных пытаннях, — цытуе словы Ермаловіча БелаПАН. — Але што да бюджэту 2017 года, ён не супярэчыць тым чаканням МВФ, якія нашы калегі выказалі пры падрыхтоўцы праграмы".

Першы намеснік міністра фінансаў кажа, што засталіся "некаторыя спецыфічныя моманты", якія працягваюць абмяркоўвацца экспертамі.

Што да перамоваў Беларусі па выдзяленні трэцяга траншу крэдыту Еўразійскага фонду стабілізацыі і развіцця, то яны знаходзяцца ў актыўнай фазе праграмы. Паводле слоў Максіма Ермаловіча, у Мінску чакаюць пасяджэння і рашэння савета фонду".

Улады Беларусі спадзяюцца атрымаць ад МВФ крэдыт у памеры 3 млрд долараў. Па словах прэм'ера Андрэя Кабякова, засталіся дзве складаныя групы пытанняў — аб змене тарыфаў жыллёва-камунальнай гаспадаркі і аб удасканаленні працы дзяржсектара эканомікі. Мяркуецца, што яны будуць вырашаныя ў першай палове 2017-га.

У сакавіку 2016 года Беларусь падпісала праграму аб прыцягненні крэдыту ЕФСР на 2 млрд долараў, які выдзяляецца 7 траншамі. Аднак ад уладаў нашай краіны запатрабавалі рэалізаваць комплекс мер па рэфармаванні эканомікі. На сённяшні дзень Беларусь атрымала два траншы еўразійскага крэдыту — $500 млн (у сакавіку 2016-га) і 300 млн долараў (у ліпені). Трэці транш, на які спадзяваўся Мінфін, у кастрычніку мінулага года не паступіў.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі