Беларусь яшчэ не атрымала адказ на просьбу выдаць Ціханоўскую, Цапкалу і Латушку
Запыты на выдачу Святланы Ціханоўскай, Валерыя Цапкалы і Паўла Латушкі былі накіраваныя яшчэ ў пачатку года / БЕЛТА
Беларусь пакуль не атрымала з краін ЕС адказы на запыты аб выдачы Святланы Ціханоўскай, Валерыя Цапкалы і Паўла Латушкі, перадае БЕЛТА са спасылкай на генпракурора Беларусі Андрэя Шведа.
Швед у гэтай сувязі нагадаў аб прынцыпе ўзаемнасці і папярэдзіў, што да гэтага часу беларускія службы аказвалі еўрапейскім калегам садзейнічанне, калі было трэба.
"Калі мы бачым, што партнёры нашы не ідуць насустрач, адпаведна, за намі застаецца права такім жа чынам дзейнічаць", — сказаў Швед.
Нагадаем, улады Літвы публічна ўжо адказалі на запыт беларускіх улад. Гэта было яшчэ ў сакавіку. Мінск прасіў Вільню выдаць Святлану Ціханоўскую. Міністр замежных спраў Літвы Габрыэлюс Ландсбергіс тады заявіў, што Літва будзе каменнай сцяной, за якой знойдуць прытулак усе дэмакратычныя сілы, якіх пераследуе рэжым. "А беларускаму рэжыму мы можам сказаць: хутчэй пекла замерзне, чым мы пачнём разглядаць вашы патрабаванні", — сказаў Ландсбергіс.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.