Беларусь зноў прагаласавала ў ААН супраць рэзалюцыі па Крыме (фота)
Беларусь зноў прагаласавала ў ААН супраць рэзалюцыі Генасамблеі аб правах чалавека ў Аўтаномнай Рэспубліцы Крым і ў горадзе Севастопаль. Дакумент падтрымалі 70 краін, устрымаліся 77, супраць выступілі 26, піша сайт liga.net са спасылкай на пастаяннае прадстаўніцтва Украіны ў ААН. Рэзалюцыя асуджае сур'ёзныя парушэнні і злоўжыванні ў адносінах да жыхароў Крыма з боку расійскіх уладаў. Таксама яна заклікае Расію выконваць свае абавязацельствы ў адпаведнасці з міжнародным правам і неадкладна вызваліць затрыманых украінскіх грамадзян.
Беларусь апынулася ў кампаніі з Расіяй, Сербіяй, Казахстанам, Кітаем, Камбоджай, Нікарагуа, Сірыяй, Угандай, Узбекістанам, Зімбабвэ, Анголай, Арменіяй, Балівіяй, Бурундзі, Каморскімі астравамі, Венесуэлай, Кубай, КНДР, Эрытрэяй, Індыяй, Іранам, Філіпінамі, Паўднёва-афрыканскай рэспублікай, Паўднёвым Суданам, Суданам.
Як паведамляла Еўрарадыё, у канцы лістапада Беларусь паспрабавала заблакаваць у ААН "украінскую" рэзалюцыю па правах чалавека ў Крыме і Севастопалі (у ёй сцвярджаецца, што Расія парушае там правы чалавека). Тады беларускі палітолаг Яўген Прэйгерман у каментары Еўрарадыё адзначыў, што тэарэтычна беларускія дыпламаты маглі б устрымацца пры галасаванні ў ААН (як гэта зрабілі 76 іншых краінаў). "Але Беларусь захоўвае той нейтралітэт, які можа сабе дазволіць", — сказаў Прэйгерман.