Беларуса-дальнабойшчыка ў Азербайджане вінавацяць у перавозцы паўтоны гераіну
Азербайджанскія мытнікі затрымалі 39-гадовага беларуса-дальнабойшчыка Аляксандра Кузьміна. Яго падазраюць у кантрабандзе наркотыкаў.
Як піша "Беларускі партызан", мужчына працаваў кіроўцам-экспедытарам міжнародных перавозак у транспартнай кампаніі ТАА "Крэйс-Усход" з галаўным офісам у Прыбалтыцы. У красавіку ён атрымаў у Іране груз разынак вагой 20 тон. Яго перагрузілі ў машыну беларуса ў мытным тэрмінале Ірана пад наглядам іранскіх мытнікаў з іранскага ж транспартнага сродку. Груз трэба было даставіць у Бельгію.
Паводле канвенцыі аб міжнароднай дарожнай перавозцы грузаў, перавозчык абавязаны праверыць толькі дакладнасць запісаў, зробленых у накладной наконт колькасці грузавых месцаў, іх маркіроўкі і нумароў, а таксама знешні выгляд грузу і яго ўпакоўкі. Паведамляецца, што груз быў запакаваны ў кардонныя скрынкі, абматаныя поліэтыленавай плёнкай —кіроўца палічыў, што ўсё нармальна.
Іранскія мытнікі праверылі і адправілі груз. Аднак літаральна праз кіламетр на азербайджанскай мяжы аўтамабіль спынілі наступныя мытнікі. Падчас іх праверкі выявілася, што разам з законным грузам беларус перавозіў скрынкі з гераінам вагой 506 кг.
Кузьміна арыштавалі, зараз ён знаходзіцца ў бакінскім СІЗА. Вядзецца следства. За мужчыну цяпер хадайнічае сястра Іна Кузьміна. Яна ўпэўненая, што брат стаў стрэлачнікам, якога хочуць пакараць за тое, у чым ён невінаваты. Беларуская амбасада ў Азербайджане абяцае жанчыне зрабіць усё для абароны правоў суграмадзяніна.