Беларуса Парфянкова ва Украіне змясцілі на два месяцы пад хатні арышт

Беларуса Парфянкова ва Украіне змясцілі на два месяцы пад хатні арышт

Два месяцы пад кругласутачным хатнім арыштам правядзе ў Кіеве беларус-добраахвотнік Васіль Парфянкоў, перадае Радыё "Свабода". 9 траўня яго затрымалі разам з іншымі 25 прадстаўнікамі добраахвотніцкага батальёну АУН (Арганізацыі ўкраінскіх нацыяналістаў) падчас масавых акцыяў да Дня перамогі над нацызмам. 

Рашэнне пра хатні арышт ухваліў Пячэрскі раённы суд Кіева. Следчыя і пракуроры прасілі ўзяць Парфянкова пад варту на 2 месяцы з улікам таго, што ён праходзіць па крымінальнай справе аб пагромах у кіеўскіх аддзяленнях расійскіх "Альфа-банка" і "Сбербанка России". У гэтай справе беларус знаходзіцца пад падпіскай аб нявыездзе.

Следства падазрае беларускага добраахвотніка ў закліках да дзеянняў, што пагражаюць грамадскаму парадку, а таксама ў гвалце ў дачыненні да супрацоўніка праваахоўных органаў.

Дарэчы, Парфянкоў адзіны,  каго суд вырашыў пасадзіць пад хатні арышт. Астатніх затрыманых вызвалілі ў дзень затрымання.

Зранку 9 траўня паліцыя заблакавала кіеўскі офіс арганізацыі "Добраахвотніцкі рух АУН". Аунаўцы планавалі сарваць акцыю "Несмяротны полк" у Кіеве. Калі яны не змаглі выйсці з будынка, то сталі кідаць з вокнаў бульбу і пакеты з фарбай у калону дэманстрантаў. Потым у бок праваахоўнікаў з акна офісу паляцела дымавая шашка. Ад яе ніхто не пацярпеў, але адразу пасля гэтага ў памяшканне зайшлі каля двух дзясяткаў паліцыянтаў. На 13 чалавек склалі пратаколы аб правапарушэннях, з 11 правялі прафілактычныя размовы. Паводле следства, шашку кідаў менавіта Парфянкоў, таму яго затрымалі.

За судом над Парфянковым назіралі некалькі дэпутатаў Вярхоўнай Рады Украіны — Дзмітрый Лінько, Ігар Луцэнка, Сямён Сяменчанка. Яны прапанавалі ўзяць беларускага добраахвотніка на парукі. Народны дэпутат Украіны Ігар Лазавы ў Фэйсбуку напісаў Парфянкову падзяку "за подзвіг у абарону Украіны". 

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі