Беларусам, якія жывуць у Літве, дасылаюць пагрозы і жудасныя фатаграфіі

Вільня, ілюстрацыйнае фота

Вільня, ілюстрацыйнае фота / pixabay.com

Беларусы, якія пераехалі ў Літву пасля 2020 года, сталі атрымліваць у месенджарах пагрозы і заклікі пакінуць краіну. Хто менавіта займаецца такімі рассылкамі — невядома, піша сайт "Зеркало".

Пагрозы пачалі прыходзіць у апошнія дні сакавіка. Абаненты ананімныя ці падпісаныя неанацысцкімі псеўданімамі кшталту Blood Nazi або BloodHonour.

Напрыклад, беларусу Андрэю даслалі два паведамленні, у адным з якіх пыталіся, ці бачыў ён сёння сваё дзіця. "З паведамленнямі было фота. На ім труп дзіцяці, якому прыфаташопілі твар майго сына. Я быў не дома, таму адразу ж патэлефанаваў жонцы, спытаў, дзе сын і ці ўсё ў іх нармальна. На паведамленне не адказваў. Нумар абанента быў схаваны", — кажа мужчына.

Яшчэ адзін беларус атрымаў паведамленне з пагрозамі ў той дзень, калі ў Вільні гарэў сметнік. "Напісалі, што ў Літве не будзе рускіх і беларускіх школ. "Сёння гарыць смецце, заўтра будуць гарэць вашыя дзеці", — цытуе ён паведамленне.

Мужчына кажа, што сабраў інфармацыю ад прыкладна 20 чалавек, якія атрымалі падобныя пагрозы. Ён плануе далучыць скрыншоты да падрыхтаванай заявы ў паліцыю.

Дарэчы, некаторыя з беларусаў такія заявы ў паліцыю ўжо занеслі. Але кажуць, што ў паліцыі не выказалі вялікага энтузіязму: "Як мне патлумачылі, шанцаў кагосьці знайсці амаль няма. Думаю, фармальна нешта рабіць будуць".

Яшчэ адна беларуска пасля паходу ў паліцыю выказала меркаванне, што аўтарамі пагроз былі не літоўцы: "Там пакуль нічога з гэтым зрабіць не могуць, бо ў іх няма магчымасцяў, каб вылічыць, хто гэта робіць. У мяне ёсць падазрэнні, што гэта робяць не літоўцы, бо ў паведамленнях — памылкі".

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі