Беларусаў будуць утрымліваць у вёсцы таннымі крэдытамі на жыллё

Беларусаў будуць утрымліваць у вёсцы таннымі крэдытамі на жыллё

Новы прэзідэнцкі ўказ № 97, скіраваны на ўтрыманне кадраў у вёсцы, выйшаў 15 сакавіка. Паводле гэтага дакумента, заахвочваць да працы ў сельскай гаспадарцы будуць таннымі крэдытамі на жыллё. Сельскагаспадарчая арганізацыя можа прадаць свайму работніку дом або кватэру, пабудаваныя з прыцягненнем льготнага крэдыту “Белаграпрамбанка”, які не пагашаны. У гэтым выпадку доўг па крэдыце пераводзіцца на грамадзяніна і ён можа плаціць яго цягам не болей як 40 гадоў пад 1% гадавых. Пры гэтым работнік павінен застацца на працы ў арганізацыі сама меней на 15 гадоў.

Такія незаселеныя жылыя памяшканні прадаюцца грамадзянам, якія стаяць на ўліку маючых патрэбу ў паляпшэнні жыллёвых умоваў. Калі ахвочых на гэтае жыллё не знойдзецца, яго могуць прадаць з аўкцыёну.

Работнікі сельгасарганізацый, арганізацый сацыяльна-культурнай сферы, спажывецкай кааперацыі, органаў унутраных справаў, якія стала жывуць і працуюць у сельскай мясцовасці, а таксама асобы, якія выйшлі на пенсію з такіх арганізацый, могуць плаціць за жыллё да 20 гадоў штомесяц роўнымі далямі без індэксацыі плацяжоў і ўнясення першапачатковага ўнёску.

Чакаецца, што гэта ўказ дапаможа замацаваць кадры ў вёсках, а таксама знізіць крэдытную нагрузку сельскагаспадарчых арганізацый і іх выдаткі па ўтрыманні і абслугоўванні жылога фонду, паведамляе БЕЛТА са спасылкай на прэс-службу кіраўніка краіны.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі