“Беларусбанк” атрымае ад Кітая “незвязаны” крэдыт на $100 млн
“Беларусбанк” атрымае ад Дзяржаўнага банка развіцця Кітая “незвязаны” крэдыт на 100 мільёнаў долараў. Прыцягненне гэтай пазыкі ўхваленае прэзідэнцкім указам №36 ад 3 лютага. Мэта атрымання крэдыту — фінансаванне бягучай дзейнасці.
Для беларускіх камерцыйных банкаў, якія працуюць з кітайскімі партнёрамі, гэты крэдыт з'яўляецца беспрэцэдэнтным з прычыны яго незвязанасці, паведамляе БелаПАН.
Раней «Беларусбанк» атрымліваў толькі звязаныя кітайскія крэдыты, гэта значыць, пад якія трэба выкарыстоўваць кітайскія тавары і абсталяванне, аплачваць працу кітайскіх спецыялістаў. Пры звароце па фінансаванне неабходна было мець абцяжараны кантракт з рэзідэнтам КНР на пастаўку абсталявання (выкананне работ, аказанне паслуг), пры гэтым доля кітайскага складніку павінна быць на ўзроўні не менш за 50% ад кошту кантракту.