Беларусі неабходна 1,4 млрд замежных інвестыцый. Дзе іх узяць?
Reuters
У Мінску 17-20 верасня праходзіць Беларускі прамыслова-інвестыцыйны форум. Для яго Нацыянальнае агенцтва інвестыцый і прыватызацыі (НАІП) падрыхтавала атлас інвестыцыйных праектаў, куды ўвайшло каля 50 праектаў з агульнай патрэбай у інвестыцыях парадку 1,4 млрд долараў.
Як распавёў прадстаўнік НАІП Арцём Шкрыль, праекты адносяцца да машынабудавання, металаапрацоўкі, прыборабудавання, тэкстыльнай і харчовай прамысловасці, хіміі і нафтахіміі, паведамляе газета “Белорусы и рынок”.
Але дзе Беларусь возьме столькі інвестыцый і як наогул у нас ідуць справы з прамымі замежнымі інвестыцыямі? Пра гэта выданню распавёў старшы навуковы супрацоўнік Цэнтра эканамічных даследаванняў BEROC Дзмітрый Крук.
Па словах эксперта, на працягу многіх гадоў не менш за 80% у прытоку ПЗІ (за выключэннем буйных здзелак, напрыклад, па продажы "Белтрансгаза" ці "Вэлкома") складаюць рэінвесціраваныя даходы: замежныя фірмы, што працуюць у Беларусі, рэінвесціруюць прыбытак, атрыманы ў нашай краіне. "Іншымі словамі, значная частка з таго, што адлюстравана ў статыстыцы як ПЗІ ў Беларусь, дэ-факта не пакідае межаў нашай краіны і не з'яўляецца новым капіталам, прыцягнутым звонку", — адзначыў Дзмітрый Крук.
Паводле яго слоў, частка сродкаў, якая сапраўды інвесціруецца з-за мяжы, настолькі малая, што часцяком яе можна амаль наўпрост звязаць з канкрэтнымі праектамі і інвестыцыямі, пра якія паведамляецца ў СМІ. А прыцягнутыя ў Беларусь ПЗІ карэлююць з інвестыцыямі ў асноўны капітал.
Па дадзеных Міністэрства эканомікі, Беларусь прыцягнула ў 2018 годзе 11 мільярдаў долараў замежных інвестыцый, з якіх інвестыцыі на чыстай аснове — 1,6 млрд долараў.