Беларусі прагназуюць на зімовай Алімпіядзе чатыры медалі
Беларусі прагназуюць на зімовай Алімпіядзе чатыры медалі, аднак ніводнага “золата” сярод іх няма. З прагнозам выступілі аналітыкі інфармацыйнага агенцтва Associated Press. Яны мяркуюць, што ў беларусаў будуць тры срэбраныя медалі і адзін бронзавы, і 18-е месца ў агульным заліку.
Цікава, што АР аддае “срэбра” ў біятлоннай індывідуальнай гонцы на 15 км не лідару нашай зборнай, трохразовай алімпійскай чэмпіёнцы Дар’і Домрачавай, а Надзеі Скардзіна. У Домрачавай будзе “бронза”. Іншыя ўзнагароды — “срэбра” фрыстайлістаў Антона Кушніра і Ганны Гуськовай.
Як вядома, на Алімпіядзе ў Пхёнчхане выступяць 32 беларускія спартсмены ў шасці відах спорту.