Беларускае "Еўрабачанне" зноў аддадуць Дробышу?
Белтэлерадыёкампанія пакуль не аб'явіла прыём заявак на ўдзел у нацыянальным адборы на "Еўрабачанне-2018". Хаця звычайна ў гэты час ледзьве не былі вызначаныя фіналісты. Магчыма, справа ў дзіцячым "Еўрабачанні", якое скончылася ў Тбілісі толькі ўчора, магчыма, артыста планавалася прызначыць, а магчыма, проста дзеля захавання інтрыгі.
Дарэчы, адну інтрыгу мы дакладна заўважылі: падчас фіналу Кубка Дэвіса побач з Аляксандрам Лукашэнкам сядзеў... Віктар Дробыш. Няўжо прадзюсар зноў вырашыў падрыхтаваць свайго артыста да самага папулярнага конкурсу ў Беларусі?
Віктар Якаўлевіч у размове з Еўрарадыё прызнаецца, што сапраўды думае наконт удзелу ў конкурсе Зіны Купрыяновіч з "Новай фабрыкі зорак".
"Я пакуль не магу каментаваць. Але на "Фабрыцы" у мяне ёсць зорачка з Беларусі. Не ведаю, у 15 гадоў можна выступаць на "Еўрабачанні"? Толькі ў дзіцячым? Не, яна не дзіця. Яна ўжо зорка. Дарэчы, добрая ідэя. Я пачаў задумвацца пра "Еўрабачанне", бо дзяўчынка проста незвычайная. Так што, паглядзім. Можа, і таксама паўдзельнічаем", — распавядае прадзюсар.
На думку Віктара Дробыша, сёлета ў трэндах "Еўрабачання" цалкам магчымы хіп-хоп на роднай мове, "якім цяпер заваленая ўся Расія, Германія і ўся Еўропа". Ці будзе Зіна у выпадку ўдзелу ў Нацыянальным адборы спяваць па-беларуску, Дробыш пакуль не думаў.
У Белтэлерадыёкампаніі Еўрарадыё запэўнілі, што Нацыянальны адбор абавязкова будзе, і што неўзабаве стартуе кампанія па падрыхтоўцы да "Еўрабачання-2018".
Хто такая Зіна Купрыяновіч (яна ж Зена):
Пераможца дзіцячага конкурсу на "Славянскім базары" і радыёконкурсу "Маладыя таленты Беларусі", фіналістка беларускіх адбораў на "Еўрабачанне" і "Дзіцячай новай хвалі". Агучвала мультфільм "Маана". Выступала з зоркамі расійскай і беларускай эстрады. Артыстка прадзюсарскага цэнтра "Супер Пупер", якім кіруе яе бацька.