Металіст Алесь Таболіч трапіў на “Новую фабрыку зорак” у Маскве
Лідар гурта Znich і тату-майстар Алесь Таболіч нечакана для сябе трапіў на “Новую фабрыку зорак” у Маскве.
“Патэлефанавалі з нейкага беларускага прадзюсінгавага цэнтра, сказалі, што выбралі мяне, як татуіроўшчыка ад Беларусі, — з усмешкай распавядае Алесь. — Маўляў, мяне ужо нават узгаднілі з прадзюсарам Віктарам Дробышам. І прапанавалі мне паехаць у Маскву, каб павіншаваць адну з удзельніц “Фабрыкі зорак” з Днём нараджэння. Маўляў, ім для гэтага акурат патрэбны такі брутальны чалавек, а я яшчэ і музыкант — дык увогуле”.
Алесь Таболіч і Віктар Дробыш, які з'яўляецца прадзюсарам "Новай фабрыкі зорак"
Сябры ды сваякі лідара гурта Znich пераконвалі яго нікуды не ехаць, бо лічылі гэта нейкім жартам, але Алесь у выніку пагадзіўся. Як высветлілася, яго запрасілі, каб зрабіць татуіроўку самай маладой удзельніцы “Новай фабрыкі зорак”, 15-гадовай мінчанцы Зіне Купрыяновіч. Сам працэс стварэння тату здымалі на відэа і ён павінен з’явіцца ў эфіры МузТВ ў адным з рэгулярных “дзённікаў Фабрыкі зорак”.
“На мой погляд, гэта нармальны падыход, гэта прыкольна і з пункту гледжання шоу, што павіншаваць беларуску прыехаў татуіроўшчык не адкуль-небудзь з Расіі, а менавіта з Беларусі”, — дзеліцца ўражаннямі Таболіч.
На апошнім “справаздачным канцэрце”, які прайшоў у мінулыя выхадныя, Зіна Купрыяновіч была пад пагрозай вылету з праекту. Дзяўчына сольна выканала ўласную песню “Тук-тук”. Застацца на “Новай фабрыцы зорак” ёй дапамаглі галасы іншых удзельнікаў.