Чые навукоўцы больш эфектыўныя: беларускія ці літоўскія?

Кадр з мультсерыяла "Simpsons"
Кадр з мультсерыяла "Simpsons"

13 снежня Аляксандр Лукашэнка вучыў жыццю беларускіх навукоўцаў. У прамове кіраўніка дзяржавы гучалі сур'ёзныя словы: інавацыйная прадукцыя, экспартныя кантракты, касмічная прастора, высокатэхналагічная вытворчасць, "БелБіяград", адэкватныя адказы на новыя выклікі сучаснасці.

У голасе Лукашэнкі чулася непрыхаванае незадавальненне. Некаторыя фрагменты яго выступу нават не ўвайшлі ў афіцыйную стэнаграму, размешчаную на сайце прэс-службы прэзідэнта:

"Калі хтосьці вось на гэты рэзкі тон і форму майго выступу пакрыўдзіўся — дарма. Гэта таму, што характар ​​у мяне такі. Я не магу, ведаеце, па-пафігісцку ставіцца да праблем, якія ляжаць у аснове развіцця грамадства і дзяржавы. Гэта ўсё, што ў мяне ёсць. Гэта дзяржава, якую мне, як першаму прэзідэнту краіны, прыходзіцца разам з вамі фармаваць. і калi я бачу — не я, а разам з вамі, вы мяне падштурхнулі да гэтага, і гэтая праблема не вырашаецца вамі, для вас — ну як я магу на гэта рэагаваць? Хваравіта, як мінімум.

Мы ж дамовіліся, што гэта і гэта павінна быць вырашанае, вырашанае да з'езду. Каб ужо на з'ездзе мы нешта казалі і абмяркоўвалі, і ўжо маглі зазірнуць за гарызонты і ўбачыць новыя праблемы. А мы заблыталіся ў старых. Мы іх не змаглі разблытаць. Дык што ж мы за навукоўцы? Што ж мы за кіраўнікі? Я не магу дараваць падобныя рэчы. За іх нехта павінен адказваць. У адваротным выпадку, мы нічога з вамі не створым і нічога не зробiм".

Чьи учёные эффективнее: белорусские или литовские?
Лукашэнка і тыя, хто павінен адказваць. Ці не. Фота: president.gov.by

Еўрарадыё пакапалася ў лічбах і высветліла, што на пытанне "Хто павінен адказваць?" можна знайсці як мінімум 27 тысяч 208 адказаў. Паводле афіцыйнай статыстыкі, менавіта столькі навукоўцаў працуе ў Беларусі.

33408 навуковых прац за 0,52% ВУП у год

Як ацаніць вынікі іх працы, якімі незадаволены Аляксандар Лукашэнка? Адзін з агульнапрынятых крытэрыяў — колькасць і "цытаванасць" навуковых прац. Ёсць нават адмысловы "Індэкс Хірша" (H-Index), які ўлічвае, колькі раз навукоўцы ва ўсім свеце спасылаюцца на працы сваіх калег. На пачатку 1990-х гэты рэйтынг з вялікім адрывам узначальваў лінгвіст Ноам Хомскі, а цяпер ён вядзецца асобна для розных навуковых дысцыплін.

Аналаг "Індэкса Хірша" для навуковых выданняў і краін называецца Scimago Journal & Country Rank. У ім ўлічваюцца публікацыі, выдадзеныя ў 239 дзяржавах і больш-менш самастойных тэрыторыях. Беларусь знаходзіцца на 64-м месцы, і быццам бы гэта не так ужо і дрэнна: мы апярэджваем Эстонію, Латвію, Казахстан і многіх іншых. А нашы бліжэйшыя суседзі "зверху" — Венесуэла, Бангладэш, В'етнам і Куба.

Узяўшы з SJR дадзеныя па некалькіх краінах, Еўрарадыё супаставіла іх з колькасцю навукоўцаў і выдаткамі на навуку:

Дадзеныя аб колькасці навукоўцаў і долі ВУП, якая выдаткоўваецца на навуку: Белстат, Укрстат.

У рэйтынгу зарэгістравана 33 тысячы 408 навуковых публікацый з Беларусі. Інакш кажучы, у сярэднім на аднаго беларускага навукоўца прыходзіцца адна публікацыя, прызнаная на міжнародным узроўні. Гэта параўнальна няшмат: для Літвы гэты паказчык роўны 3,6; для Чэхіі — 4,1; для Польшчы — 5.

Але непараўнальныя з беларускімі і выдаткі, якія ў іншых краінах вылучаюць на навуку. У Беларусі гэта 0,52% ВУП, у Польшчы — 0,94%, у Літве — 0,95%, а ў Чэхіі — ажно 3% ад валавога ўнутранага прадукту!

Зрэшты, Лукашэнка любую загану можа звярнуць у доблесць. Агучаная лічба ў 0,5% ВУП яго не збянтэжыла.

"У перспектыве, плануем, мы будзем паступова павялічваць асігнаванні, — адзначыў кіраўнік дзяржавы. — Але ёсць і іншы бок пытання — эфектыўнасць выкарыстання капіталаўкладанняў, аддача ад выдаткаў на навуку. Ад усіх арганізацый і галін мы патрабуем галоўнага — выніку. Не будзе выніку — не будзе грошай. Навука ад выканання гэтага патрабавання не павінна быць у баку. Мы не настолькі багатыя, каб марнаваць рэсурсы на бясплодную дзейнасць. Як кажуць, пустацвет нікому не патрэбны. Дарэчы, гэтая фраза нарадзілася ў навуковым асяроддзі яшчэ ў савецкія часы".

Інавацыі, канкурэнцыя, універсітэты

У свеце ёсць нямала рэйтынгаў, якія ўскосна сведчаць пра развіццё навукі. Напрыклад, "Глабальны індэкс інавацый", у свежым рэлізе якога Беларусь займае не самае высокае 88 месца з 127.

"Уносьце смелыя прапановы, прапануйце прарыўныя тэхналогіі — усе вашы разумныя ініцыятывы будуць падтрыманыя", — звярнуўся Аляксандр Лукашэнка да беларускіх навукоўцаў. Тут да месца успомніць, што кіраўнік Беларусі і сам нярэдка выступае з прарыўнымі прапановамі. Напрыклад, знайсці нафту на Палессі або вынайсці "нейкую новую крыніцу энергіі".

У рэйтынгу дзелавога выдання Bloomberg, які ацэньвае здольнасць эканомік розных краін канкураваць адна з адной, Беларусі ў прынцыпе няма.

Далёка не ва ўсе сусветныя рэйтынгі ўваходзяць беларускія ВНУ, пра рэктараў якіх Лукашэнка сказаў, што яны "забранзавелі і некаторыя параслі цінай", а пра выкладчыкаў — што яны "са сваімі жоўтымі канспектамі плятуцца ў хвасце падзей". Прыемнае выключэнне — QS World University Ranking 2018, у якім БДУ займае 334 месца, а БНТУ размяшчаецца паміж 751 і 800 месцамі.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі