"Беларускі Дом друку" адмовіўся друкаваць баранавіцкую газету Intex-press
Друкарня "Беларускі дом друку" адмовілася друкаваць незалежную баранавіцкую газету Intex-press. Паведамленне пра гэта рэдакцыя атрымала на электронную пошту ў другой палове дня 9 траўня. Гэта не толькі святочны дзень, але і другі запар выходны.
Друкарня скасавала дамову ў аднабаковым парадку. Прычыны такога кроку кіраўніцтва друкарні не паведаміла. Напрыканцы афіцыйнага ліста гаворыцца: "Прыносім свае прабачэнні і спадзяемся на паразуменне".
Цяпер рэдакцыя спрабуе знайсці магчымасць альтэрнатыўнага друку наступнага нумара газеты, запланаванага на 12 траўня.
Асноўныя праблемы ў Intex-press пачаліся пасля інтэрв'ю са Святланай Ціханоўскай. Ад продажу выдання адмовіліся ўсе гандлёвыя сеткі Баранавічаў, газету выкінулі з "Белсаюздруку" і падпіснога каталога "Белпошты".
Над рэдактарам выдання Уладзімірам Янукевічам адбыліся два адміністрацыйныя суды — за публікацыю інтэрв'ю на сайце і за публікацыю ў газеце. У абодвух выпадках былі прысуджаныя вялікія штрафы — 580 рублёў (20 базавых) і 4350 рублёў (150 базавых). Акрамя таго, Янукевічу пагражае крымінальная справа.
Інтэрв'ю з Ціханоўскай было прызнанае экстрэмісцкім матэрыялам і ўнесенае ў Рэспубліканскі спіс. Акрамя таго, Мінінфармацыі вынесла газеце афіцыйнае папярэджанне за гэтае інтэрв'ю.
Пры гэтым ніхто так і не патлумачыў рэдакцыі, у чым менавіта былі выяўленыя прыкметы экстрэмізму.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.