Беларускі трэнер назваў у Казахстане беларусаў "паскуднай нацыяй"
Беларускі трэнер казахстанскага футбольнага клуба "Кайрат" Аляксей Шпілеўскі назваў беларусаў "паскуднай нацыяй". Пра гэта ў інтэрв'ю YouTube-каналу "Футболка" распавёў беларускі футбаліст гэтай каманды Сяргей Паліцевіч.
"У мяне свае адносіны да свае краіны, я — патрыёт краіны... Мне было цяжка, калі на першым сходзе ў пачатку года ён [Аляксей Шпілеўскі] пра нашу краіну выказаўся не вельмі добра, — кажа Паліцевіч. — Гэта мякка кажучы... Пры ўсёй камандзе назваць нашу краіну паскуднай нацыяй...".
Паліцевіч прызнаўся, што быў у шоку ад такой заявы трэнера. Ніякага тлумачэння ад яго гэтых слоў ён не атрымаў. Пасля беларускі футбаліст тлумачыў казахам, што "у Аляксея, напэўна, больш нямецкага, чым беларускага".
Аляксею Шпілеўскаму 31 год. Ён — сын футбольнага агента Мікалая Шпілеўскага. Аляксей вырас у Германіі, выступаў у маладзёжнай камандзе “Штутгарта”, аднак атрымаў траўму спіны і скончыў кар’еру гульца. Працаваў з моладзю ў нямецкім клубе "Рэд Бул Лейпцыг". У чэрвені 2018-га раптоўна быў прызначаны галоўным трэнерам ФК "Дынама" (Брэст). У Шпілеўскага здарыўся канфлікт з лідарамі каманды, некалькі футбалістаў, у тым ліку і Арцём Мілеўскі, яе пакінулі. Ужо ў жніўні кіраўніцтва клуба развіталася і з трэнерам, які не даў патрэбнага выніку ні ў нацыянальным першынстве, ні ў Лізе Еўропы. Восенню мінулага года Аляксей Шпілеўскі нечакана стаў галоўным трэнерам "Кайрата". Аднак выйграць чэмпіянат Казахстана каманда не змагла. А вось брэсцкае "Дынама" ўжо без Шпілеўскага, але з Мілеўскім стала чэмпіёнам Беларусі.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.