Беларускім хакеістам забароняць мяняць грамадзянства на расійскае

Беларускім хакеістам забароняць мяняць грамадзянства на расійскае

Беларускія і казахстанскія хакеісты будуць лічыцца легіянерамі ў Кантынентальнай хакейнай лізе. Такое рашэнне прыняў на пазачарговым сходзе савет дырэктароў КХЛ. "Той, хто не можа выступаць за зборную Расіі, з'яўляецца замежным гульцом", — цытуе словы прэзідэнта лігі Дзмітрыя Чарнышэнкі "Р-Спорт". Адзначаецца, што колькасць легіянераў, якія могуць выйсці на матч, застаецца ранейшай — 5.

Старшыня назіральнага савета мінскага "Дынама", міністр унутраных спраў Беларусі Ігар Шуневіч незадаволены гэтым рашэннем. Паводле яго слоў, КХЛ дбае пра развіццё расійскага хакея, а не беларускага. "Я супраць таго, каб спартыўныя пытанні вырашаліся праз суд. Спадзяюся, да гэтага не дойдзе", — цытуе словы Шуневіча "Р-Спорт".

РІА "Новости" паведамляе, што беларускім хакеістам забароняць мяняць грамадзянства на расійскае, каб не было масавага пераходу. Пра гэта заявіў чалец савета дырэктароў Кантынентальнай хакейнай лігі, прэзідэнт магнітагорскага "Металурга" Віктар Рашнікаў.

"Каб маладыя хлопцы не сталі масава мяняць грамадзянства, прынятае рашэнне дамовіцца і не афармляць ім расійскае грамадзянства", — сказаў Рашнікаў.

Фота: ria.ru

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі