Беларускім санаторыям раяць пераключыцца з турыстаў Расіі на арабаў і кітайцаў
Беларускім санаторна-курортным установам варта не зацыклівацца на расійскім рынку, а звярнуць увагу на арабскі і кітайскі. Такую думку намесніка дырэктара Дэпартамента па турызме Мінспорту і турызму Віталя Грыцэвіча перадае БелаПАН
Чыноўнік адзначыў перавагі беларускіх санаторыяў. Гэта добрыя суадносіны кошту і якасці, медыцынская база, развіты комплекс паслуг спа, прыгожая прырода і наяўнасць мінеральных крыніц. Па словах Грыцэвіча, грамадзяне Кітая і Ааб'яднанаых Арабскіх Эміратаў выказваць цікавасць да беларускіх санаторыяў, таму варта звярнуць на іх увагу.
Праблемай Грыцэвіч назваў тое, што персанал санаторыяў не ведае замежных моваў — у прыватнасці, англійскай. "Нашыя санаторыі "заточаныя" пад рускамоўных турыстаў, а вельмі хацелася б, каб малодшы медперсанал мог хаця б на мінімальным узроўні размаўляць", — паскардзіўся прадстаўнік Мінспорту.
На яго думку, пры стаўцы на расіян беларускія санаторыі могуць апынуцца паўпустымі, бо жыхары Расіі сёння адчуваюць фінансавыя складанасці.
Таксама чыноўнік панаракаў на тое, што ў беларускіх санаторыях мала нумароў люксавага класу. "Арабы прывыклі лячыцца і адпачываць у найлепшых установах свету, а спыняцца ў гасцініцах кшталту "Рытц" і "Хілтан", таму і ў нас яны хочуць жыць у адпаведных нумарах. У нас амаль у кожным санаторыі ёсць нумары люкс, але іх вельмі мала. Хацелася б, каб нашы санаторыі маглі даць ім той комплекс паслуг і ўзровень, які варты іх грошай", — падкрэсліў Грыцэвіч.