Беларускія аўтобусы ў Санкт-Пецярбургу маглі гарэць "праз санкцыі"
Праз узгаранне аўтобуса МАЗ рух на Святланаўскім праспекце Санкт-Пецярбурга 23 чэрвеня быў перакрыты / @fontankaspb
Беларускія аўтобусы МАЗ маглі гарэць у Санкт-Пецярбургу праз санкцыі. Такую версію выказаў віцэ-губернатар горада Кірыл Палякоў, які курыруе транспартную сферу. Паводле яго словаў, да ўзгарання маглі прывесці "абставіны, звязаныя з заходнімі санкцыямі". Гэтага не выключаюць і спецыялісты МАЗа, дадаў ён.
"Ва ўмовах санкцыйнага ціску і парушэння лагістычных ланцужкоў пры пастаўках камплектаў гідрапрывада магла адбыцца замена правераных фланцаў на іншыя, аналагічныя па тэхнічных характарыстыках, але якія не маюць правераных рэферэнцый. Агляд аўтобусаў, праведзены супрацоўнікамі завода ў Колпінскім парку, пацвярджае гэтую імавернасць", — тлумачыць Палякаў.
Нагадаем, у Санкт-Пецярбургу за апошні месяц адбылося два НЗ з аўтобусамі мадэлі "МАЗ 203947".
Першы раз аўтобус гэтай мадэлі гарэў 10 чэрвеня на Віцебскім праспекце Санкт-Пецярбурга, другі раз — 23 чэрвеня на Святланаўскім праспекце. Прычым аўтобус загарэўся проста на маршруце, пасажыры паспелі пакінуць салон, і ніхто не пацярпеў.
Гэтыя НЗ надоечы каментаваў і Аляксандр Лукашэнка. Паводле яго словаў, тэма ўзнімалася падчас яго размовы з губернатарам Аляксандрам Бягловым у Пецярбургу. Але Бяглоў, паводле словаў Лукашэнкі, яго супакоіў, сказаў, што няма чаго абмяркоўваць, "у нас журналісты ўмеюць прыгожа падаць".
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.