Беларускія "баевікі" з Данбаса аказаліся звычайнымі страйкбалістамі?

Украінскія СМІ апублікавалі здымкі з сацыяльных сетак: чым хваляцца сепаратысты Данбаса. Сярод здымкаў знайшоўся і жыхар Беларусі. Вось і падалі беларускія СМІ, што на баку сепаратыстаў ваюе беларус з Гомеля.

Еўрарадыё адшукала гэтага хлопца ў сацыяльных сетках, як і двух яго сяброў (на здымках яны з такой жа зброяй). Да аднаго з сяброў мы датэлефанаваліся па беларускім нумары. Ён цяпер у Гомелі, як і абодва іншыя. Вось што ён расказаў:

"Зброя гэтая не сапраўдная, гэта муляж, гэта страйкбольная зброя. У нас ёсць каманда, і мы гуляем".

Тое, што зброя сапраўды страйкбольная, Еўрарадыё пацвердзілі і вайскоўцы. На здымках гомельскага страйкбольнага клуба шмат розных людзей пазіруюць з такой зброяй. Адзін са страйкбольных клубаў Гомеля называецца "Русіч", як напісана на старонцы, “клуб прытрымліваецца амуніцыі і ўзбраення спецпадраздзяленняў расійскага ФСБ”.

Чаму украінскія СМІ памыліліся, наконт беларуса? Можа таму, што на старонках некаторых страйкбалістаў мы адшукалі запісы з "Антымайданам", а таксама відэа з сепаратыстам, вядомым па мянушцы "Бабай".

Заўважым, хлопец, з якім размаўляла Еўрарадыё, адразу выдаліў усю інфармацыю са сваёй старонкі.

Сярод агульных сяброў "Вконтакте" Еўрарадыё адшукала страйкбалістаў з Краматорска, гэта горад на Данбасе, дзе ідуць баі. Страйкбольны клуб мае назву "Страйкбол Донбасс. Антитеррор". Адзін з кіраўнікоў суполкі фатаграфуецца са зброяй на аўтамабілі украінскай міліцыі без нумароў.

Беларусы на баку тэрарыстаў на ўсходзе Украіны дакладна ваююць. Аператар тэлеканала "Белсат" зняў на камеру гамяльчаніна Анатоля Малчанава. Ён пачынаў ваяваць супраць Украіны ў Крыме, атрымаў узнагароды. Цяпер ён кажа, што хоча атрымаць медаль “за ўзяцце Кіева”.

"Я за тое, каб мы жылі ў адной краіне. Каб, як у нас, у Беларусі, было — у будучай адзінай славянскай сям’і. Я супраць гэтых вось раздзелаў, вайны алігархаў", — распавядае гамяльчанін.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі