Беларускія фірмы пачалі судзіцца паміж сабой з-за пастановы №991

Беларуская фірма “ЮрЗнак” падала пазоў у мінскі гаспадарчы суд, каб прызнаць несапраўдным дамову з “Юрыдычнай фірмай “Рыбакоў і Сазонаў”.
Паводле дамовы, ісцец 3 жніўня прадаў адказчыку 5 тэчак-скорасшывальнікаў польскай вытворчасці. Паколькі прадавец не з’яўляецца вытворцам і не гандлёвым прадстаўніком польскай фірмы, а пастанова ўраду №991 такія здзелкі забараняе, то “ЮрЗнак” просіць прызнаць дамову паміж прадаўцом і пакупніком несапраўднай.

Абедзве юрыдычныя фірмы вырашылі такім чынам праверыць, як распаўсюджваецца дзеянне пастановы Саўміна.

“Калі пры разглядзе справы суд прыйдзе да высновы аб неадпаведнасці нарматыўнага акту Канстытуцыі, ён прымае рашэнне ў адпаведнасці з Канстытуцыяй і ставіць пытанне аб прызнанні дадзенага нарматыўнага акту неканстытуцыйным”, — адзначаецца на сайце “ЮрЗнака”.

Такім чынам, суд праверыць пастанову №991 на адпаведнасць галоўнаму закону краіны.

Нагадаем, дакумент фактычна забараняе пасрэднікаў пры продажы як замежных, так і беларускіх тавараў. Юрасобы цяпер павінны набываць тавары толькі ў тых пастаўшчыкоў, якія з'яўляюцца вытворцамі, або іх афіцыйных гандлёвых прадстаўнікоў.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі