Беларускія памежнікі апублікавалі відэатоп кур'ёзаў на мяжы ў 2017 годзе
Дзяржаўны памежны камітэт абнародаваў у сацсетках відэаролік, у якім сабраў 5 самых кур'ёзных выпадкаў на мяжы ў 2017 годзе.
Пятае месца заняў інцыдэнт, які адбыўся 30 кастрычніка ў пункце пропуску "Грыгараўшчына". Грамадзянін Латвіі спрабаваў прарвацца праз мяжу, але яго спынілі супольнымі намаганнямі беларускія і латвійскія памежнікі.
На чацвёртым месцы апынуўся жыхар Львова, які 9 снежня перасякаў мяжу ў пункце пропуску "Макраны". Падчас пашпартнага кантролю мужчына нечакана ўзгадаў, што яму тэрмінова трэба вярнуцца ва Украіну.
Трэцяе месца — у здарэння, якое адбылося ў Віцебскай вобласці ў ноч з 5 на 6 ліпеня. Памежнікам удалося спыніць кантрабанду цыгарэтаў. Іх спрабавалі перамясціць праз мяжу з дапамогай звышлёгкай авіяцыі.
На другім месцы — інцыдэнт, які здарыўся 13 снежня ў пункце "Бераставіца". Грамадзянін Эстоніі пачуў ад польскіх памежнікаў, што знаходзіцца ў вышуку. Пасля такіх звестак ён вырашыў уцячы на беларускую тэрыторыю.
Узначаліў рэйтынг выпадак, які адбыўся 9 лістапада ў пункце пропуску "Весялоўка". У багажніку машыны пад кучай адзення зяць вёз у Беларусь цешчу.