Беларускія памідоры даражэйшыя за ўкраінскія ды польскія (фота)

“Вы можаце і не браць, але пакаштуйце, які смачны яблык!” — заваблівае прадаўшчыца яблыкаў на “Камароўцы”.

На прылаўках, калі верыць подпісу на цэнніку, выключна беларускія яблыкі, знайсці днём з агнём імпартныя амаль немагчыма! Кошты на беларускія штрыфелі, антонаўкі і каштэлі пачынаецца ад 10 тысяч за кіло. Гэта на 3 тысячы вышэй за сярэднія кошты Белстата за кіло яблыкаў у верасні.

Цікава, што беларускія яблыкі па коштах амаль такія ж, як і вінаград, што да нас вязуць ажно з Малдовы ды Узбекістана. Кіло вінаграду каштуе ад 13 тысяч рублёў.

“Купляйце памідоры! Яны са Слабады! Смачныя, без стрыжня (без цвёрдай сярэдзінкі. — заўв. Еўрарадыё)”, — зноў прапаноўвае пакаштаваць мне прадаўшчыца і памідоры.

Гляджу на кошт і здзіўляюся: беларускія памідоры каштуюць як украінскія ці польскія! І беларускія, і імпартныя памідоры на “Камароўцы” каштуюць прыкладна аднолькава — 17-18 тысяч рублёў. Але ўкраінскія сустракаюцца і за 16 тысяч рублёў, а вось беларускія растуць па коштах толькі ўверх — і дасягаюць 35 тысяч за кіло! Безумоўна, ёсць і непрэзентабельныя памідоры за 5 тысяч за кіло, але гаворка менавіта пра гародніну прыкладна аднолькавай якасці.

Прадаўшчыца ўкраінскіх памідораў абураецца: хіба беларускія могуць быць смачнымі — яны ж кіслыя, а ўкраінскія мясістыя і салодкія. Пытаюся яе меркавання, чаму нашы даражэйшыя.

“Бо ў нас у парніках усё вырошчваецца, а ў Польшчы і Украіне тэхналогіі, развітае ўсё, вы газеты пачытайце. Там усё тлумачыцца”, — мяркуе яна.

Прыкладна такое ж тлумачэнне ў эканамічных тэрмінах на пытанне Еўрарадыё, чаму іспанскія памідоры таннейшыя за беларускія, дае і міністр эканомікі Мікалай Снапкоў — таму што там танней вырошчваць!

Беларускай бульбы на “Камароўцы” столькі ж, колькі і яблыкаў. Кошт на бульбу пачынаецца ад 3,5 тысяч рублёў.

Прадаюць і беларускія садовыя журавіны 20-25 тысяч за літр, а кіло морквы — 6000 за кіло, за такі ж кошт можна купіць беларускую капусту, каля 10 тысяч каштуе наша пекінская капуста і каля 18 тысяч — квяцістая.

Хурма прадаецца на кірмашы ад 14 тысяч, а апельсіны ды гранаты - 15-18 тысяч рублёў за кіло. 

Цікава, што беларускія прадаўцы вельмі ахвотна адгукнуліся на еўрапейскую традыцыю святкаваць Хэлоўін напрыканцы кастрычніка. Ужо цяпер на кірмашы прадаюць гарбузы — звычайныя беларускія гарбузы — за 15 тысяч за кілаграм. Улічваючы ўраджайнасць беларускіх гарбузоў і маштабы, адзін пацягне мінімум на 200 тысяч рублёў.

Прадаюць нават загатоўкі для Хэлоўіна.

“Маё дзіця выразае такія морды, купляйце, колькі дасце ды і добра, але ў мінулым годзе вельмі добра ішлі. Звычайны гарбуз будзе ад 200 тысяч, а гэты… Адзін пакупнік адразу тры замовіў за 500 тысяч кожны, часта рэстараны купляюць. Мы таксама ставілі — страшна ўночы, асабліва, калі свечкі паставіць. А сёлета пакуль не куплялі”.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі