“Беларускія праваабаронцы мала ўвагі надаюць праблемам звычайных людзей”
У чым праблема беларускіх праваабаронцаў, распавядае кіраўнік Кіеўскага дома правоў чалавека Аркадзь Бушчанка.
Еўрарадыё: Вы плануеце дапамагаць сваім калегам з суседніх краін вырашаць праблемы з правамі чалавека ў іх краінах — няўжо ў самой Украіне з гэтым пытаннем усё добра і для вас няма працы?
Аркадзь Бушчанка: Безумоўна, ва Украіне хапае сваіх праблем. Але мы з’яўляемся часткай цэлай сеткі Дамоў правоў чалавека, для якіх міжнародная салідарнасць — адна з мэт існавання. І мы з пачуцця салідарнасці, разумення важнасці існавання грамадзянскай супольнасці гатовыя садзейнічаць грамадзянскай актыўнасці ў любой з гэтых краін. Але мы разумеем, што не зможам стаць такім рэгіянальным цэнтрам, калі пачне пагаршацца сітуацыя ва Украіне. Хаця б таму, што калі і тут сітуацыя пагоршыцца, то і ва Украіне стане складана працаваць праваабаронцам, як стала ім цяжка працаваць у Беларусі, Расіі, Узбекістане, Азербайджане… Таму найперш павінны паклапаціцца пра клімат у сваёй краіне.
Еўрарадыё: Сітуацыя: кіраўнік праваабарончага цэнтра “Вясна” Алесь Бяляцкі знаходзіцца за кратамі, памяшканне ў цэнтра канфіскавалі, праваабаронцам немагчыма спакойна працаваць. Чым вы рэальна можаце дапамагчы “Вясне” і яе актывістам у гэтай сітуацыі?
Аркадзь Бушчанка: У нас даўняе супрацоўніцтва з беларускімі калегамі. Я не буду раскрываць усе падрабязнасці і тэхналогіі, але мы дапамагалі нашым калегам у тым, каб яны маглі працаваць на тэрыторыі Украіны, праводзіць нейкія мерапрыемствы, навучальныя праграмы і гэтак далей. Мы бралі ўдзел у розных місіях, якія былі скіраваныя на кантроль сітуацыі ў Беларусі. Мы былі ў вас назіральнікамі, рыхтавалі справаздачы, за што шмат хто з нашых калег сталі неўязнымі ў Беларусь з-за сваёй актыўнасці. Я не хачу зараз пра нашы задумы наконт дапамогі беларускім калегам казаць, даваць зразумець беларускім уладам пра тое, што мы хочам рабіць, але ў нас шмат планаў — як мы можам аблегчыць жыццё нашым беларускім калегам.
Еўрарадыё: Ва Украіне ёсць палітычныя зняволеныя?
Аркадзь Бушчанка: Так, безумоўна.
Еўрарадыё: Вы і іншыя ўкраінскія праваабаронцы можаце ім рэальна дапамагчы?
Аркадзь Бушчанка: У прынцыпе — так. Мы заяўлялі, што справы, да прыкладу, Луцэнкі, Цімашэнкі лічым палітычным пераследам. А што тычыцца рэальнай практычнай дапамогі — яны ў ёй пакуль не маюць патрэбы. Альбо яны самі лічаць, што ў нашай дапамозе і падтрымцы яны патрэбы не маюць — акрамя падтрымкі маральнай. Для іх важна ведаць, што нейкія грамадскія сілы лічаць іх працэсы палітычнымі, а іх — палітычнымі вязнямі. А ў астатнім — гэта не самыя бедныя людзі, і на іх працуюць высокааплатныя юрыдычныя каманды. Мы гатовыя пры неабходнасці аказаць ім дапамогу. Але мы не хочам выдзяляць гэтыя справы з шэрагу іншых спраў — мы займаемся вялікай колькасцю іншых спраў, якія не цікавяць прэсу. Бо іх героі — маленькія людзі, не цікавыя журналістам, і на якіх не звяртае ўвагу міжнародная супольнасць.
Мы лічым, што справы Юрыя Луцэнкі і Юліі Цімашэнкі — гэта адна з праяў таго, што штодня адбываецца ва Украіне, ва ўкраінскім правасуддзі з маленькімі людзьмі. Несправядлівасць, што існуе ў нас, не стваралася ў нашай краіне спецыяльна для тых некалькіх чалавек, якіх мы лічым палітзняволенымі, не для іх стваралася наша правасуддзе — яны сталі ахвярамі таго правасуддзя, якое кожны дзень перамалочвае сотні і сотні лёсаў. І да стварэння якога гэтыя палітзняволеныя, на жаль, таксама прыклалі руку. Вось у чым трагізм сітуацыі — яны стваралі тое, ахвярамі чаго ў выніку самі сталі.
Еўрарадыё: Ваша дапамога беларускім праваабаронцам паспрыяе таму, што яны змогуць дапамагаць такім вось простым, нікому невядомым людзям у Беларусі?
Аркадзь Бушчанка: Спадзяюся. Я шмат разоў сустракаўся з беларускімі праваабаронцамі, грамадзянскімі актывістамі і зразумеў: яны замала ўвагі надаюць сістэмным праблемам звычайных людзей. Яны зашмат факусуюцца на палітычна гучных справах. Мне падаецца, што яны ўпэўненыя: калі гэтую ўладу прыбраць, то прыйдзе шчасце абсалютнае і ніякіх праблем не будзе. Гэта падманка! Сыдзе гэта ўлада, Лукашэнку зменіць нехта іншы — а праблемы застануцца. І сістэмныя праблемы будуць ляжаць на плячах праваабаронцаў незалежна ад таго, хто знаходзіцца пры ўладзе.
Мы займаемся дапамогай простым людзям, крытыкуем уладу незалежна ад таго, якая палітычная сіла знаходзіцца ля руля — нас гэта абсалютна не цікавіць. Пры Юшчанку мы гэтым займаліся, пры Кучму, пры Краўчуку, пры Януковічу мы гэтым займаемся, і пры наступным прэзідэнце мы гэтым будзем займацца. Мне падаецца, што беларускім праваабаронцам дапамагло б такое дыстанцыянаванне ад асоб, ад таго, хто знаходзіцца пры ўладзе. І больш увагі надаваць рэальным праблемам: катаванням, умовам утрымання затрыманых і зняволеных, парушэнню сацыяльных правоў, справядлівасці правасуддзя ды іншым. Гэта праблемы больш важныя, чым праблема нейкай асобы, якая займае нейкае крэсла.
Інтэрв'ю падрыхтавана спецыяльна для праваабарончай праграмы "Кардыяграма" на Еўрарадыё. Слухайце падкасты праграмы тут: Кардыяграма