Беларусы хочуць працаваць 4 дні на тыдзень, але начальства пра гэта не пытаецца

Сярод апытаных тыя, хто за захаванне пяцідзёнкі, у меншасці / unsplash.com
Сярод апытаных тыя, хто за захаванне пяцідзёнкі, у меншасці / unsplash.com

Пераход на чатырохдзённы працоўны дзень палепшыць баланс паміж працай і асабістым жыццём беларусаў. Так лічаць 43,2% з больш чым пяці тысяч апытаных у даследаванні ад Praca.by. А больш за палову тых, хто адказаў, называюць гэта добрай ідэяй як для работнікаў, так і для кампаніі.

Белорусы хотят работать 4 дня в неделю, но начальство об этом не спрашивает
Вынікі апытання / Praca.by

Яшчэ плюсамі такога рэжыму беларусы назвалі зніжэнне ўзроўню выгарання і стрэсу, падвышэнне ўцягнутасці і прадукцыйнасці супрацоўнікаў, скарачэнне расходаў на ўтрыманне офіса і скарачэнне часу на нарады.

А як наконт негатыўных наступстваў? 61,4% тых, хто прагаласаваў, перакананыя, што скарачэнне кампаніяй працоўнага тыдня да чатырох дзён непазбежна пацягне памяншэнне заробку. 15,3% рэспандэнтаў думаюць, што калі ў часе чатырохдзёнкі не паменшыцца колькасць працоўных гадзін, то работнікі папросту пачнуць выгараць.

Акрамя таго, амаль 18,2% выказаліся пра непрымальнасць такога графіка для тых, хто займаецца фізічнай працай. А 5,1% палічылі, што ў доўгатэрміновай перспектыве праз чатырохдзёнку знізіцца прадукцыйнасць.

 

Не чатырохдзёнкай адзінай

Самай папулярнай альтэрнатывай "чатырохдзёнцы" сярод беларусаў стаўся варыянт "дыстанцыйкі" і "гібрыднай працы", калі частка занятасці ў офісе, а частка дома. 32,7% завастрылі ўвагу на гнуткім падыходзе да працоўнага графіка. 14,3% хацелі б перш за ўсё палепшыць умовы працы, а 14,1% думаюць, што ніякай лепшай альтэрнатывы чатырохдзёнцы быць не можа.

Таксама 46,1% апытаных упэўненыя, што калі знікне адзін працоўны дзень, то яны без праблем будуць выконваць ранейшы аб'ём работы. 39,8% не ўпэўненыя, што змаглі б усё зрабіць за той жа час — маўляў, трэба спачатку паспрабаваць. 7,1% не змаглі адказаць, а 7% думаюць, што не справіліся б.

Белорусы хотят работать 4 дня в неделю, но начальство об этом не спрашивает
Ці можа зваршчык працаваць на дыстанцыйцы? / unsplash.com

Работніка спытаць забыліся

З 87,5% рэспандэнтаў не абмяркоўвалася магчымасць пераходу на чатырохдзёнку. 8,3% пра гэта пагаварылі "ў курылцы", і толькі з 4,1% беларусаў кіраўнікі размаўлялі пра магчымую змену працоўнага графіка.

А калі б начальства ўзяло і прапанавала чатыры дні замест пяці?

77,6% падхопліваюць ідэю, але пры ўмове, што ўзровень заробку захаваюць, а працоўны час скароцяць на восем гадзін. 17% таксама пагадзіліся б на перамены, нават калі б гэта пацягнула прапарцыйнае скарачэнне заробку. 5,4% да такой ініцыятывы паставіліся з падазрэннем — маўляў, гэта нейкі падвох, адчапіцеся, мяне і пяцідзёнка задавальняе.

 

Даеш чатырохдзёнку для ўсіх

Чатыры працоўныя дні на тыдзень падыходзяць для ўсіх — так лічыць 59,3% апытаных. 20,6% думаюць, што больш за ўсё ў такім рэжыме маюць патрэбу жанчыны. Пра неабходнасць чатырохдзёнкі для людзей з невысокім заробкам заявілі 5,7% рэспандэнтаў, а 6,9% зрабілі б такі графік для "немаладых". За чатырохдзёнку для маладых аддалі голас 3,8%, а 3,7% палічылі, што такога роду перамены не падыходзяць ні для кога.

Аўтары даследавання заклікаюць кіраўнікоў кампаній і HR-спецыялістаў арганізаваць абмеркаванне гэтай тэмы з супрацоўнікамі. "Сэнс падобных эксперыментаў і практык не толькі ў колькасці адпрацаваных гадзін, а ў ацэнцы рэальнай прадукцыйнасці, у стварэнні карпарацыйнай атмасферы, якая дапамагае падтрымліваць здаровы баланс паміж працай і асабістым жыццём", — падкрэсліваюць на Praca.by. Паводле інфармацыі партала, у Беларусі ўжо ёсць IT-кампанія, дзе ўвялі чатырохдзённы працоўны тыдзень.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі