Белгідрамет: сёлетні верасень быў самым халодным за апошнія 20 гадоў

Сёлета ў Беларусі быў вельмі халодны верасень / Еўрарадыё
Сёлета ў Беларусі быў вельмі халодны верасень / Еўрарадыё

Верасень 2022 года стаў у Беларусі самым халодным за апошнія 20 гадоў, піша БЕЛТА са спасылкай на Белгідрамет.

"Сярэдняя па Беларусі тэмпература паветра за верасень гэтага года склала плюс 10,4 градуса, што ніжэй за кліматычную норму на 2,3 градуса. Такім чынам, верасень бягучага года стаў самым халодным за апошнія 20 гадоў", — кажуць сіноптыкі. Прычым па поўначы краіны адхіленне ад сярэднямесячнай нормы дасягала 3 градусаў.

Максімальная тэмпература паветра была зафіксаваная удзень 4 верасня ў Брэсце — 21,7 градуса цяпла. А мінімальную — мінус 3,2 градуса — адзначылі 9 верасня ў Бабруйску.

За месяц у Беларусі выпала 67,7 мм ападкаў, што складае 125% ад кліматычнай нормы. Пры гэтым дажджы ішлі нераўнамерна. На паўночным захадзе краіны было 30% месячнай нормы, а на паўднёвым усходзе — 270%.

Сярод іншых кліматычных з'яваў сіноптыкі адзначаюць, што 23 верасня ў Беразіне выпаў град дыяметрам 3 мм.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі