Білася ў істэрыцы: трыятланістка Валянціна Зелянкевіч пра жыццё ў Маскве

Валянціна Зелянкевіч у Маскве / інстаграм
Валянціна Зелянкевіч у Маскве / інстаграм

Валянціна Зелянкевіч — чэмпіёнка Беларусі па трыятлоне. 23 жніўня яна апублікавала ў інстаграме фота з бел-чырвона-белым сцягам, а ўжо 30 жніўня раптам стала "бесперспектыўнай" і клуб трыятлона "Трыстайл" не падоўжыў з дваццаціаднагадовай спартсменкай кантракт.

Валянціна пачала займацца плаваннем у чатыры гады, у шэсць ужо ўдзельнічала ў спаборніцтвах, у чатырнаццаць стала майстрам спорту па плаванні, у васямнаццаць — майстрам спорту па трыятлоне, выступала за зборную. А потым у Беларусі пачаліся пратэсты.

"Новая газета" запісала маналог спартсменкі, якой незнаёмец дапамог перабрацца праз закрытую мяжу з Расіяй — Валянціна цяпер жыве ў Маскве, працуе трэнерам па плаванні і вядзе дзённік у інстаграме. Яна расказвае, чаму выйшла на пратэст і як складваецца яе жыццё пасля ад'езду.

— Я, безумоўна, чула, што ў вядомых нашых спартсменаў былі праблемы, ім пагражалі за ўдзел у мітынгах. Я падумала: увогуле кажучы, нічога асаблівага я з сябе не ўяўляю, не такая ўжо я вялікая спартсменка. Для краіны я проста дзяўчынка з інстаграма. Мне было не страшна абсалютна. Што мне могуць зрабіць? Таму я вельмі здзівілася, калі трэнер патэлефанаваў мне і сказаў, каб я нікуды не выходзіла. Дзіўнае хваляванне, мне падалося. Лепш бы ён так турбаваўся пра мяне падчас трэніроўкі.

Я ўжо да таго часу хадзіла на мітынгі. А тут вырашыла пра сябе ўсё-ткі заявіць — я, сцяг, плошча, усё як належыць. Звычайная фотка, не самая, дарэчы, лепшая. Я там не вельмі адзетая, не вельмі выглядаю, не вельмі добрая якасць здымка. Але я прачнулася, гляджу — тысячы лайкаў, тысячы падпісчыкаў. Я наогул нават не ўяўляла, што прачнуся такой вось зоркай, якой будзе так балюча. Таму што трэнер, фактычна бацька, другі родны чалавек пасля маці, пасля гэтага сказаў мне, што больш не хоча мець са мной справу.

Я разумею яго па-чалавечы. Яму ёсць што губляць, у яго свая справа. Ён шмат зрабіў і для каманды, і для мяне. Але да такога павароту падзей я ўсё роўна не была гатовая. Мне было цяжка.

Я распылілася, растварылася. Сышоў час, каб апрытомнець і пазбыцца ўсіх ранейшых сувязяў. І раптам я адчула, што вольная. Што мяне больш нічога не трымае. І ў гэты момант мне патэлефанаваў зусім незнаёмы чалавек. Кажа: я сёння ноччу з'язджаю ў Маскву. Калі хочаш, дапамагу табе перабрацца праз мяжу. На рашэнне ў мяне было ўсяго пара гадзін. Часу хапіла толькі на тое, каб сабраць рэчы і з'ездзіць да мамы, папярэдзіць яе, што я паеду і, магчыма, больш не вярнуся.

Гэта было самае дзёрзкае і страшнае маё рашэнне. Жэсць. Разбурылася наогул усё. Я выскачыла з гнязда, дзе табе гатовыя былі пакласці чарвячка ў раток. Выпырхнуць і не разбіцца пры гэтым — гэта трэба моцна і хутка махаць крылцамі. І вось чатыры месяцы я ўжо тут, у Маскве.

Што адбылося за гэты час? Адпраўляла рэзюмэ, працавала ў фітнесе трэнерам па плаванні за чатыры тысячы восемсот рублёў у месяц, аб'ездзіла кучу месцаў і перажыла мора зневажальных гутарак. Я сустрэла ў Маскве ўсе свае страхі, даведалася ўсё, чаго ніколі не хацела. Мяне каўбасіла так, што я ляжала на падлозе і білася ў істэрыцы, не хацела жыць.

Напэўна, я наўмысна давяла сябе да такога стану, каб зваліцца на дно, дакрануцца да яго нагамі, сказаць "добры дзень, я Валя з Беларусі" і адштурхнуцца ад яго.

Напэўна, я ўжо гэта зрабіла. Вось я вяду дзённік і запісваю, чаго я дамаглася ў Маскве. Чытаю яго часам і бачу: не так усё і дрэнна. Я цяпер трэнер па плаванні. Здымаю кватэру. Шукаю сабе трэнера па трыятлоне, клуб, хачу зноў пачаць трэніравацца. Трэба мне гэта? Ці ёсць у гэтым сэнс? У чым увогуле сэнс жыцця? Не ведаю. Усе жывуць і хочуць гэта даведацца. Але калі б ведалі, не жылі.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі