Блінкен прыляцеў у Ізраіль, каб дамагчыся гуманітарнай паўзы ў вайне ў Газе
Гэта ўжо другі візіт Блінкіна ў Ізраіль за апошні месяц
Дзяржаўны сакратар ЗША Энтані Блінкен у пятніцу прызямліўся ў Тэль-Авіве. Ён прыляцеў у Ізраіль, каб дамагчыся гуманітарнай паўзы ў вайне ў Газе, піша Reuters. Паўза патрэбная, лічаць у Вашынгтоне, каб мінімізаваць шкоду для цывільнага насельніцтва ў абложанай Газе, дзе не хапае харчавання, паліва, вады і медыкаментаў. Нагадаем, напярэдадні ізраільскія ўлады заявілі, што атачылі горад Газа і маюць намер знішчыць рух ХАМАС.
Перад вылетам у Ізраіль Блінкен казаў журналістам, што палестынскія дзеці, выцягнутыя з-пад абломкаў будынка, які паваліўся, уражваюць яго гэтак жа моцна, як ізраільскія і любыя іншыя. "Так што гэта тое, на што мы абавязаны адрэагаваць, і мы гэта зробім", — сказаў ён.
Запланаваны сустрэчы Блінкена з прэм'ер-міністрам Ізраіля Біньямінам Нетаньяху і іншымі ізраільскімі лідарамі. Пры гэтым у Белым доме кажуць, што любыя паўзы ў баявых дзеяннях павінны быць часовымі і лакалізаванымі, і настойваюць на тым, што гэтыя паўзы не перашкодзяць Ізраілю абараняцца.
Органы аховы здароўя Газы заяўляюць, што з пачатку абвастрэння канфлікту на тэрыторыі анклава загінуў 9061 чалавек. Ізраіль заяўляе, што ХАМАС забіў 1400 чалавек, у асноўным мірных жыхароў, і захапіў больш за 240 закладнікаў. Нагадаем, 7 кастрычніка ХАМАС напаў на мірных людзей на тэрыторыі Ізраіля.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.