БМЗ: Пажар адбыўся напярэдадні запланаванага прыпынення вытворчасці

БМЗ: Пажар адбыўся напярэдадні запланаванага прыпынення вытворчасці

Пажар на Беларускім металургічным заводзе ў Жлобіне адбыўся акурат напярэдадні планавага прыпынення металургічнай вытворчасці. Пра гэта ў каментары агенцтву БЕЛТА заявіла прэс-служба БМЗ. 

Паведамляецца, што прыпыненне вытворчасці меркавалася на 7-14 сакавіка. Падчас яго планаваліся работы ў рамках праекта "Павелічэнне прадукцыйнасці ўчастка пазапечнай апрацоўкі сталі". "Гэтая акалічнасць мінімізуе вытворчыя страты БМЗ, бо фактычна наступныя перадзелы былі гатовыя да прыпынення сталеплавільных печаў", — кажуць на БМЗ.

Цяпер на прадпрыемстве распрацоўваюць пакрокавы план ліквідацыі наступстваў пажару. Гэтыя работы будуць ісці паралельна з планавымі.

Як паведамляла Еўрарадыё, пажар у кабельным тунэлі БМЗ адбыўся ўвечары 5 сакавіка. Агонь пашкодзіў 30 600 пагонных метраў ізаляцыі электракабеляў. 

З-за пажару часова прыпынілі працу тры цэхі завода: электрасталеплавільны цэх №1, сортапракатны цэх №1 і коправы цэх.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі